Больш за 200 праціўнікаў акумулятарнага завода сабраліся ў цэнтры Берасця



22 сакавіка каля паўдня ў Берасці на плошчы Леніна ў чарговы раз сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле дадзеных праваабаронцы Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы было 210 чалавек. На некаторых былі ахоўныя медыцынскія маскі. Міліцыя праз мегафон папярэджвала прысутных аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

Паводле слоў удзельнікаў сустрэчы, яны «больш баяцца не каронавіруса, а свінцовага завода». «Каронавірус прыйшоў і пойдзе, а калі запусцяць завод, свінец будзе травіць пастаянна нас і нашых дзяцей», – заявіла актывістка Людміла Карчэўская.

Праціўнікі завода абмяркоўвалі вынесенае 17 сакавіка рашэнне апеляцыйнай інстанцыі эканамічнага суда Берасцейскай вобласці, якая не задаволіла скаргу ТАА «АйПаўэр» на рашэнне аб вяртанні 5,7 млн рублёў у інавацыйны фонд.

Кампанія абскардзіла вынесенае 5 лютага рашэнне гэтага суда, які задаволіў іск аблвыканкама да ТАА «АйПаўэр» аб вяртанні грашовых сродкаў у інавацыйны фонд. Берасцейскі аблвыканкам дамагаўся спагнання з «АйПаўэра» 5 млн 725 тыс. рублёў у інавацыйны фонд, паколькі кампанія не пабудавала ў тэрмін акумулятарны завод. Аблвыканкам у абгрунтаванні іску спасылаўся на інавацыйную дамову, заключаную ў 2016 годзе з ТАА «АйПаўэр». Акрамя таго, суд адмовіў «АйПаўэру» ў задавальненні сустрэчнага іску да аблвыканкама аб пацвярджэнні факта нязначнасці інавацыйнай дамовы ад 2016 года.

17 сакавіка ў эканамічным судзе Берасцейскай вобласці пры разглядзе апеляцыйнай скаргі былі заслуханыя пазіцыі прадстаўнікоў кампаніі і Берасцейскага аблвыканкама. «АйПаўэр» дамагаўся адмены рашэння суда першай інстанцыі, палічыўшы яго неправамерным, а таксама настойваў на задавальненні пададзенага кампаніяй падчас разгляду справы сустрэчнага іску да аблвыканкама аб пацвярджэнні факта нязначнасці інавацыйнай дамовы ад 2016 года.

Прадстаўнік Берасцейскага аблвыканкама заявіў, што ніхто не прымушаў ТАА «АйПаўэр» да заключэння інавацыйнай дамовы. Паводле яго слоў, да гэтай дамовы было падпісана сем дадатковых пагадненняў, некалькі гадоў дамова выконвалася, прызнаваць яе цяпер нікчэмнай будзе няправільна.

Па выніках разгляду скаргі «АйПаўэра» апеляцыйная інстанцыя эканамічнага суда прыняла рашэнне пакінуць яе без задавальнення, рашэнне суда першай інстанцыі – без змены. Рашэнне суда набыло законную моц.

Праціўнікі завода, якія прысутнічалі 17 сакавіка ў судзе на разглядзе скаргі, рашэнне апеляцыйнай інстанцыі сустрэлі апладысментамі.

Алег Вялаў перакананы, што «АйПаўэр» падасць касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд і да апошняга будзе адцягваць выплату грошай. Такое меркаванне актывіст выказаў сёння падчас чарговай сустрэчы на плошчы праціўнікаў будаўніцтва завода.

Старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі лічыць, што «АйПаўэр» павінен вярнуць грошы аблвыканкаму. На яго думку, органы ўлады таксама не давяраюць кампаніі, якая будуе завод, як і шматлікія жыхары рэгіёну.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця – Пушкінскай і Савецкай – да кінатэатра «Беларусь».

Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» пабудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст». На прадпрыемстве плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

У чэрвені 2019 года Берасцейскі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода «да ліквідацыі выяўленых парушэнняў», а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала падача недакладных дадзеных.

У жніўні праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзена на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

У верасні стала вядома, што кампанія адклікала праектную дакументацыю акумулятарнага завода з дзяржаўнай экалагічнай экспертызы «па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах».

У гэтым жа месяцы Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Берасцейскай крэпасці заявіў, што ён – «на баку людзей», якія занепакоеныя праблемамі, звязанымі з уводам у эксплуатацыю акумулятарнага завода. Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна даць мясцовым жыхарам права правесці экспертызу будаўніцтва прадпрыемства. «Толькі яны будуць вырашаць, ці быць гэтаму заводу і якім будзе гэты завод», – падкрэсліў ён.

24 лютага 2020 года праектная дакументацыя акумулятарнага завода пасля карэкціроўкі была пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

БелаПАН

Фота: TUT.BY