Больш за 220 тыс. беларусаў маюць дзве кватэры, а то і больш



Больш за 220 тыс. беларусаў маюць дзве і звыш кватэры, паведаміў 17 кастрычніка на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.

«У Беларусі больш за 220 тыс. грамадзян, у якіх на праве ўласнасці дзве і звыш кватэры. У Менску іх найбольшая колькасць – больш за 67 тыс. У абласцях – у сярэднім ад 20 тыс. да 28 тыс. чалавек, толькі ў Гомельскай вобласці некалькі больш – 35 тыс»., – сказаў Міхаіл Расолька.

Фота: booking.com / A1 Apartments. Мае ілюстрацыйны характар

Паводле яго слоў, колькасць уладальнікаў дзвюх і больш кватэр пастаянна расце. «Яшчэ некалькі гадоў таму іх было крыху больш за 100 тыс. Гэта значыць прыкладна за пяць гадоў адбыўся рост прыблізна ў два разы, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення. – Дарэчы, калі ў чалавека два жылыя памяшканнi ў шматкватэрных дамах, гэта яго права выбраць, па якому з іх плаціць падатак. Для гэтага трэба звярнуцца ў падатковы орган».

У Беларусі на ўліку ў падатковых органах складаюцца амаль 3 млн фізічных асоб, якія валодаюць альбо карыстаюцца аб’ектамі нерухомасці. З іх амаль палова мае льготы ў выглядзе поўнага вызвалення ад выплаты маёмасных падаткаў. «Найбольшая колькасць плацельшчыкаў маёмасных падаткаў – у Менскай вобласці, так як там шмат садовых таварыстваў. Дадзеныя падаткі прадʼяўляюцца і выплачваюцца па месцы знаходжання абʼекта, таму менчукі, якія валодаюць садовымі домікамі, таксама павялічваюць колькасць плацельшчыкаў у Менскай вобласці», – дадаў Міхаіл Расолька.

zviazda.by