Больш за 250 затрыманых. МУС Беларусі пракаментавала разгон акцый 14 ліпеня



Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі патлумачыла разгон удзельнікаў акцый пратэсту ў розных гарадах Беларусі ўвечары 14 ліпеня.

«Праігнараваўшы папярэджанне праваахоўных органаў аб недапушчальнасці парушэння грамадскага парадку, некаторыя грамадзяне, на жаль, паддаліся ўплыву інтэрнэт-правакатараў. Гэта прывяло да пэўных негатыўных наступстваў», – гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Парушэнні грамадскага парадку зафіксаваныя ў шэрагу гарадоў, піша МУС, затрымалі больш за 250 чалавек, у тым ліку кіроўцаў і раварыстаў, за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы, парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама за невыкананне правілаў дарожнага руху.

Дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, асабліва АМАПу і ДАІ, МУС характарызуе як «зладжаныя і дакладныя». Міліцыянты паказалі «вытрымку і высокі прафесіяналізм», – канстатуе ведамства.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tut.by