Больш за 29 млн дрэў пасадзілі беларусы ў час Тыдня лесу



Беларусы ў час рэспубліканскай добраахвотнай акцыі „Тыдзень лесу” пасадзілі больш за 29 млн дрэў на плошчы 6722 га.

Асноўнымі пародамі традыцыйна сталі сасна, елка і бяроза. У акцыі прынялі ўдзел больш за 52 тыс. чалавек. Добраахвотнікі працавалі на 2613 аб’ектах.

Акрамя пасадкі лесу валанцёры займаліся прыбіраннем смецця і захламленасці (усяго было прыбрана 2905 куб. м), працавалі ў месцах масавага адпачынку (да летняга сезона было падрыхтавана 207 аб’ектаў). У час акцыі ў краіне з’явілася 100 алей памяці. Лясныя культуры былі пасаджаны ў гонар выдатных людзей Беларусі, якія ўнеслі значны ўклад у вызваленне нашай краіны, а таксама ў развіццё лясной гаспадаркі.

Рэспубліканская добраахвотная акцыя „Тыдзень лесу” прайшла ў Беларусі з 13 па 20 красавіка. У гэтым годзе акцыя прайшла 12-ы раз. Мерапрыемства было прымеркавана да Года малой радзімы і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Галоўная мэта – прыцягненне ўвагі грамадскасці да неабходнасці беражлівага стаўлення да ляснога фонду.

У бягучым годзе акцэнт быў зроблены перш за ўсё на рабоце з моладдзю. У час Тыдня лесу быў праведзены конкурс сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Да канца гэтага тыдня дзяржаўныя вытворчыя лесагаспадарчыя аб’яднанні вызначаць у кожнай вобласці самы актыўны клас і школу. Пераможцаў чакаюць каштоўныя прызы: інтэрактыўныя дошкі і экскурсійныя паездкі па знакавых месцах малой радзімы.

zviazda.by