Больш за 300 тыс. турыстаў – з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму
З пачатку дзеяння ў Беларусі бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 дзяржаў у краіну ўехала больш за 300 тыс. турыстаў, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Менску 6 лістапада кансультант дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Марына Масташова.
Паводле яе слоў, праз нацыянальны аэрапорт Мінск прыбылі амаль 170 тыс. турыстаў з 69 краін. Акрамя таго, з 26 кастрычніка 2016 года па 4 лістапада 2018 года бязвізавую зону Аўгустоўскага канала наведалі 126,6 тыс. іншаземцаў. Больш за ўсё гасцей прыбыло з Літвы — 49,2 тыс. З Польшчы было 24,3 тыс. турыстаў, з Германіі — 914.
Прырост турыстычнага патоку па гэтым кірунку ў параўнанні з мінулым годам склаў 89,9%, адзначыла прадстаўнік Мінспорту і турызму. „Так, са студзеня па лістапад бягучага года Аўгустоўскі канал прыняў 79,6 тыс. іншаземцаў, тады як за такі ж перыяд 2017 года — 41,9 тыс.”, — сказала яна.
У турысцка-рэкрэацыйную зону „Брэст” і нацпарк „Белавежская пушча” па правілах бязвізу прыехала 14 тыс. іншаземцаў. Большасць турыстаў — з Польшчы.
Паводле слоў Масташовай, у агульным патоку турыстаў па-ранейшаму рускамоўныя складаюць большасць — 87%. „З тых, хто прыязджае на санаторна-курортны адпачынак і па медыцынскія паслугі, ёсць грамадзяне Украіны, Казахстана, Расеі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы, Сірыі, Ізраіля, Германіі, Італіі, Йемена і іншых дзяржаў”, — адзначыла яна.
Усяго, паводле даных Дзяржпагранкамітэта, праз усе памежныя пункты Беларусі ў краіну за 9 месяцаў 2018 года прыбыло 3 млн 620 тыс. іншаземцаў, за той жа перыяд мінулага года — 3 млн 328 тыс. (прырост 8,7%). За ўвесь 2017 год Беларусь прыняла 4,2 млн замежнікаў, адзначыла прадстаўнік Мінспорту.
Развіваецца медыцынскі турызм. Масташова адзначыла, што некалькі гадоў таму ў нашай краіне пачалі ствараць цэнтры, якія спецыялізуюцца менавіта на ім. „Быў створаны аператар медыцынскага турызму — кампанія Med Travel Belarus, якая арганізуе лячэнне замежнікаў у беларускіх клініках. Штогод гэтая кампанія абслугоўвае каля 700 кліентаў з-за мяжы”, — паведаміла яна.
У 2015 годзе па даручэнні Міністэрства аховы здароўя пачаў працу дзяржаўны інфармацыйны інтэрнэт-партал „Клінікі Беларусі”, дзе размешчана інфармацыя аб лячэнні як у дзяржаўных медустановах, так і прыватных цэнтрах.
Спецыяліст па працы з кліентамі сайта „Клінікі Беларусі” Аляксандр Ільяшэвіч паведаміў, што са студзеня па жнівень 2018 года праз партал па лячэнне ў Беларусі звярнулася 98.200 замежных пацыентаў. Экспарт паслуг склаў 29,3 млн долараў (+18% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года).
Сярод медыцынскіх паслуг у замежнікаў запатрабаваная анкалагічная дапамога, стаматалогія, рэпрадуктыўная медыцына, гінекалогія і акушэрства, пластычная хірургія, транспланталогія, кардыяхірургія, дыягнастычныя абследаванні, прафілактычнае лячэнне, рэабілітацыя.
Бязвізавы рэжым для грамадзян і падданых 80 дзяржаў быў уведзены 12 лютага 2017 года. Тыя, хто прыбываў праз мінскі аэрапорт, мелі права знаходзіцца ў краіне без візы пяць сутак. 24 ліпеня 2018 года гэты тэрмін быў павялічаны да 30 дзён.
belapan.by