Больш за 50 000 зняволеных у Беларусі выкарыстоўваюцца як рабская сіла
У большасці гэта вязні, асуджаныя па крымінальных артыкулах. Акрамя іх, на падобных умовах працуюць у так званых лячэбна-працоўных прафілакторыях. Трэцюю групу складаюць абавязаныя асобы, якія, напрыклад, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў і мусяць аплачваць дзяржаве ўтрыманне дзяцей.
Такія дадзеныя агучыў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканоміцы Алесь Аляхновіч:
– Яны працуюць за капейкі, ім плацяць, напрыклад, 10 даляраў штомесяц. Пры гэтым яны не маюць ніякіх правоў практычна. Калі адбудзецца выпадак на працы – адрэжа руку, палец ці яшчэ нешта, то яны не атрымаюць ніякай кампенсацыі, бо з імі не заключаныя дамовы.
У асноўным зняволеныя з пералічаных групаў занятыя на дзяржаўных прадпрыемствах у лясной, сельскай гаспадарцы, у камунальных службах, часам у перапрацоўчай прамысловасці. І гэта тыя тавары й паслугі, якія часта пастаўляюцца на экспарт. Трэба праінфармаваць пра гэта замежных партнёраў, лічыць Алесь Аляхновіч.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: rada.vision