Больш за 50 арганізацый выступілі ў падтрымку праваабарончага цэнтра „Вясна”
Больш за 50 беларускіх і замежных арганізацый грамадзянскай супольнасці выступілі ў падтрымку праваабарончага цэнтра „Вясна”, пазбаўленага дзяржрэгістрацыі ў 2003 годзе.
5 сакавіка стала вядома, што па факце дзейнасці „Вясны” следчыя органы распачалі крымінальную справу на падставе арт. 342 КК (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Паводле сцвярджэння следства, ПЦ „Вясна” ажыццяўляе фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне незаконных масавых мерапрыемстваў, якiя маюць на мэце ўчыненне іх удзельнікамі групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. У рамках расследавання праходзяць вобшукі ў офісах рэгіянальных аддзяленняў, а таксама ў кватэрах членаў арганізацыі, праваабаронцаў выклікаюць на допыты і іншыя працэсуальныя дзеянні.
У заяве, размешчанай на сайце „Вясны”, арганізацыі грамадзянскай супольнасці называюць абвінавачванне „надуманым і галаслоўным”, а атаку на праваабарончы цэнтр — „палітычна матываваным пераследам, які мае на мэце спыніць дзейнасць дадзенай праваабарончай арганізацыі, запалохаць іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, працягнуць нагнятанне атмасферы страху ў грамадстве”.
Падпісанты падкрэсліваюць, што пераслед ПЦ „Вясна” і яго актывістаў парушае міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў межах Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Дэкларацыі аб праве і абавязку пэўных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, Кіруючых прынцыпаў АБСЕ па абароне праваабаронцаў, Кіруючых прынцыпаў па свабодзе аб’яднанняў і інш.
Арганізацыі-падпісанты патрабуюць ад уладаў Беларусі спыніць пераслед, арышты і іншы ціск на праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці ў сувязі з іх законнай дзейнасцю, неадкладна спыніць крымінальны пераслед ПЦ „Вясна” і яго членаў, вызваліць з-пад варты праваабаронцаў і валанцёраў цэнтра Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу, праваабаронцаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, а таксама сотні іншых палітвязняў.
Падпісанты патрабуюць забяспечыць гарантыі неўмяшання ў законную праваабарончую дзейнасць, спыніць кампанію дыскрэдытацыі праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці.
Заяву падпісалі Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве „Х’юман Канстанта”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дакументацыйны цэнтр і яшчэ 10 арганізацый грамадзянскай супольнасці. Да заявы далучыліся 35 арганізацый, якія ўваходзяць у склад Платформы грамадзянскай салідарнасці: Міжнароднае партнёрства за правы чалавека (Бельгія), Crude Accountability (ЗША), Цэнтр грамадзянскіх свабод (Украіна), Цэнтр даследавання прававой палітыкі (Казахстан), Хельсінкскі фонд дамоў правоў чалавека (Польшча), Фонд „Грамадскі вердыкт” (Расея) і інш.