Больш за 50 байдарачнікаў Беларусі выступілі ў абарону Прыпяці
Больш за 50 байдарачнікаў Беларусі выступілі ў абарону Прыпяці ды іншых беларускіх рэкаў у сувязі з планамі рэалізацыі праекта Е40.
Гэта праект суднаходнага маршруту даўжынёй больш за дзве тысячы кіламетраў, які будзе праходзіць па тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Украіны, і мае стаць новым гандлёвым шляхам паміж партамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Эколагі непакояцца, што рэалізацыя праекта нясе пагрозы для ўнікальнай прыроды беларускага Палесся.
Кажа намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «Багна» Канстанцін Чыкалаў:
— Палессе — гэта рай для жывёл і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу, тут непасрэдна сканцэнтраваныя найбольш важныя для Беларусі папуляцыі і экасістэмы, дзе знаходзяцца прадстаўнікі флоры і фауны з Чырвонай кнігу. На працягу ўсяго гэтага шляху, які будзе праходзіць па тэрыторыі Беларусі, сканцэнтравана шмат асабліва ахоўных прыродных тэрыторый.
Адмысловец звяртае ўвагу, што поўнай дакументацыі воднага шляху Е40 пакуль няма, цяпер можна азнаёміцца толькі з тэхнічна-эканамічным абгрунтаваннем гэтага праекта. Але вядома, што і на гэтым этапе ўжо выдаткавана 900 тысяч еўра.
У размове з нашым радыё Канстанцін Чыкалаў падтрымаў ідэю развіцця на Палессі экалагічнага турызму:
— Калі паглядзець на мапу Заходняй Еўропы, дык там усе рэкі былі перабудаваныя і створаныя ў выглядзе каналаў, каб перавозіць нейкія грузы. Таму, нават для заходніх людзей гэтая частка Беларусі, Украіны можа быць меккай для экалагічных турыстаў, якія маглі б убачыць, як выглядала натуральная рака без вялікага антрапагеннага ўздзеяння з боку чалавека.
У выходныя на тэрыторыі Палесся прайшла акцыя “Прыпяць, дай пяць!”, падчас якой адбыўся маштабны сплаў на байдарках па Жыткавіцкім раёне Гомельшчыны. Яго ўдзельнікі хацелі звярнуць увагу на праблемы і пагрозы для прыроды Палесся, да якіх можа прывесці рэалізацыяй праекта воднага шляху Е40. Акцыю актыўна падтрымлівалі мясцовыя жыхары.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Аляксей Заяц