Больш за 500 сваякоў пакараныя за гвалт над дзецьмі
Намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Лашын 20–21 студзеня ўзяў удзел у 83-й сесіі Камітэта ААН па правах дзіцяці ў Жэневе. На сесіі Беларусь прэзентавала аб’яднаны пяты і шосты перыядычны даклад па выкананні палажэнняў Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці. У працы сесіі ўдзельнічалі міністр адукацыі, прадстаўнікі МУС, Міністэрства аховы здароўя і іншых структур Беларусі.
Аб выступленні Лашына на сесіі камітэта ААН паведамляе аддзел інфармацыі Генеральнай пракуратуры. Згодна са звесткамі прадстаўніка нагляднага органа, з 2015 года ў Беларусі да крымінальнай адказнасці за фізічны і псіхічны гвалт у дачыненні да дзіцяці прыцягнута больш за 500 бацькоў і іншых членаў сямʼі, з іх у 2019 годзе – 127.
Лашын запэўніў, што ў структуры органаў пракуратуры Беларусі створаная сістэма спецыялізаваных пракурораў па абароне правоў дзяцей, якія надзеленыя шырокімі паўнамоцтвамі. У інтарэсах дзіцяці пракурор можа падаць іск у суд. Любое дзіця можа звярнуцца да пракурора па абарону правоў.
У 2019 годзе пракуроры разгледзелі 500 скаргаў аб парушэнні правоў дзяцей – у інтарэсах непаўналетніх падалі 300 позваў, правялі больш за 2 тысячы праверак. Паводле іх вынікаў устаранёныя тысячы парушэнняў. Больш за 5 тысяч чалавек прыцягнута да адказнасці.
Лашын заўважыў, што ў Беларусі «не проста забаронены гвалт у дачыненні да дзяцей, да якога аднесеныя цялесныя пакаранні і здзекі, а ўсталяваная за гэта дысцыплінарная, грамадзянская, адміністрацыйная і крымінальная адказнасць». Пры пагрозе жыццю або здароўю дзіця на падставе рашэння суда можа быць забранае з сямʼі і змешчанае на дзяржзабеспячэнне.
Ён выказаў меркаванне пра тое, што створаныя ў краіне прававыя і практычныя механізмы дазваляюць абараніць дзяцей ад розных формаў гвалту, у тым ліку ў сямʼі, школе і інтэрнэце.
Намеснік генпракурора падзякаваў міжнародным партнёрам – прадстаўніцтву Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі, Камітэту ААН па правах дзіцяці і іншыя структуры – за цеснае і плённае супрацоўніцтва.
Фота: БелТА