Больш за 55 чалавек адправілі за краты. Вынікі адміністрацыйных судоў за 28 лютага
Беларускія суддзі пачалі разглядаць адміністрацыйныя справы супраць затрыманых 27 лютага.
У асноўны дзень галасавання на рэферэндуме па зменах у Канстытуцыі беларусы выйшлі на пратэсты супраць рэферэндума, а таксама супраць удзелу Беларусі ў расейскім нападзе на Украіну. У РУУСах на пратэстоўцаў складалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП (Удзел у масавых мерапрыемствах), арт. 19.1 КаАП (Дробнае хуліганства) або арт. 24.3 КаАП (Непадпарадкаванне міліцыянтам). Некаторых асудзілі адразу па двух пратаколах.
Па звестках праваабаронцаў агулам было затрымана больш за 730 чалавек. У выніку, 28 лютага беларускія суды арыштавалі мінімум 55 чалавек, яшчэ тром прызначылі штрафы.
Праваабаронцы «Вясны» працягваюць збіраць інфармацыю пра вынікі судовых пасяджэнняў. Падрабязнасці з судовых працэсаў у табліцы і ў тэлеграм-канале „Вясна назірае”.