Больш за 600 дзён за кратамі палітвязень Мікіта Дзмітрыеў



Звыш 600 дзён – столькі за кратамі знаходзіцца палітвязень з Берасцейшчыны Мікіта Дзмітрыеў. Абвінавачванні прад’яўленыя па арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Палітвязень Мікіта Дзмітрыеў з’яўляецца фігурантам крымінальнай справы „карагодаў”. Яна была ўзбуджаная па крымінальнаму палітычна матываванаму артыкулу за акцыю пратэсту ў Берасці 13 верасня 2020 года адразу ж пасля прэзідэнцкіх выбараў. Пратэстуючыя вадзілі карагод, спявалі песні „Муры” і „Тры чарапахі”, танчылі.

Прысуд — два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу („хімія”). Суддзя — Марыя Аліферук. Мікіта Дзмітрыеў сваю віну не прызнаў.

Вядома таксама, што ў мінулым годзе палітвязень быў пастаўлены на ўлік „як схільны да экстрэмізму і дэструктыўнай дзейнасці”. Знаходзіцца зараз у выпраўленчай установе адкрытага тыпу №49 горада Шклова.

Беларускае Радыё Рацыя