Больш за 70 парушальнікаў беларускай мяжы цягам тыдня
З пачатку тыдня беларускія памежнікі затрымалі 72 парушальнікі дзяржаўнай мяжы. Як і раней, усе яны апынуліся замежнымі грамадзянамі Нігерыі, Пакістану, Алжыра, Бангладэш, Марока, Сенегала, Кубы, Ганы, Туніса, В’етнама, Афганістана і Егіпта.
Мэты ў іх былі розныя: хтосьці збіраўся знайсці ў адной з краін ЕЗ працу, хтосьці лепшыя ўмовы для жыцця. А вось спосаб абралі аднолькавы – наўмысна незаконна парушыць беларуска-польскую і беларуска-літоўскую межы. Па папулярнасці дадзеныя напрамкі стабільна застаюцца ў «лідарах» у парушальнікаў. З сабой у дарогу нелегальныя мігранты збіралі «стандартныя» наборы: асабістыя рэчы, прадукты харчавання, трохі грошай і мабільныя тэлефоны. Праўда ў некаторых сустракаліся і англа-рускія слоўнікі.
5 ліпеня дзякуючы сумесным аператыўным дзеянням беларускіх і літоўскіх памежнікаў быў спынены канал нелегальнай міграцыі. Больш за 20 грамадзян Ірака рухаліся транзітам праз Беларусь у адну з краін ЕЗ.
Таксама ў ноч на 6 ліпеня памежнікі паблізу населенага пункта Буйко ў непасрэднай блізкасці ад мяжы затрымалі 15 грамадзян В’етнама. Замежнікі прыбылі з Расеі, а далей транзітам праз Беларусь збіраліся незаконна трапіць у Літву.
Па ўсіх фактах правапарушэнняў пачаты працэсуальныя дзеянні. Парушальнікі заканадаўства затрыманыя для далейшага разгляду. Ім пагражае дэпартацыя і забарона ўезду на тэрыторыю Беларусі тэрмінам на пяць гадоў.