Больш за 70 тыс. чалавек падпісаліся пад петыцыяй з патрабаваннем увесці каранцін у Беларусі



Больш як 71 тыс. чалавек падпісаліся пад петыцыяй з патрабаваннем увесці ў Беларусі каранцін з-за каронавіруса. Петыцыя была створаная 1 красавіка на сайце change.org і адрасаваная Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

„Увесь свет знаходзіцца ў страшным становішчы з-за галоўнай праблемы 2020 года — COVID-19. Ён забірае жыццё тысяч людзей па ўсім свеце, штодня людзі заражаюцца ўсё больш і больш. У большасці краін свету даўно прынятыя неабходныя меры па спыненні распаўсюджвання каранавіруса. На жаль, у Рэспубліцы Беларусь адбываецца поўнае ігнараванне хваробы і няправільнае інфармаванне жыхароў. Паводле афіцыйных дадзеных, заражаных каранавірусам 150 чалавек (на дату стварэння петыцыі. — БелаПАН.), у рэальнасці іх больш за 1.000. Многім заражаным ставяць дыягназ пнеўманія, каб не псаваць статыстыку, не наводзіць паніку. Урачы працуюць на знос, не хапае абсталявання, не хапае апаратаў ШВЛ. І гэта ўсё абавязкова прывядзе да жудасных наступстваў, калі мы, як заўсёды, прамаўчым”, — гаворыцца ў петыцыі.

На думку яе стваральнікаў, дзяржава „абсалютна не шануе чалавечае жыццё”. „Мы ходзім у школу, універсітэт, на працу. Мы ездзім у грамадскім транспарце, ходзім па крамах і думаем, што 150 чалавек — гэта мала. На самай справе вірус распаўсюджваецца з велізарнай хуткасцю, і, каб прадухіліць жудасныя наступствы, мы ўсе павінны заставацца дома, нашы родныя павінны заставацца дома”, — адзначаецца ў петыцыі.

„Гэтая петыцыя як крык душы. Нам тэрмінова трэба ўвесці каранцін. Мы патрабуем каранцін. Мы хочам жыць!” — пішуць аўтары звароту.

2 красавіка Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю прадстаўніцтву тэлерадыёкампаніі „Мир” у Беларусі яшчэ раз выказаў меркаванне, што ў краіне няма падстаў уводзіць каранцін. „І дай бог, каб гэтай сітуацыі ў нас не было”, — заявіў ён.

Лукашэнка паўтарыў свой тэзіс пра тое, што масавая ізаляцыя ў кватэрах, наадварот, можа спрыяць пагаршэнню стану для ўжо інфікаваных гэтым ці іншым вірусам. „Гэта не праблема. Мы за суткі нейтралізуем горад (калі гэта спатрэбіцца). Але чаго гэта будзе каштаваць і колькі будзе тады смерцяў? Мы ўжо потым будзем выхопліваць з кватэр людзей, якія будуць цяжкія, і адразу іх на штучную вентыляцыю лёгкіх. І што, мы выратуем гэтых людзей? Таму не трэба глупствам займацца. Нас жа заўсёды вучылі: трэба, каб праветранае памяшканне было, на свежым паветры і іншае”, — сказаў афіцыйны лідар.

„Калі ўжо прыйдзе такі момант, калі нам трэба дзесьці тушыць пажар, мы яго будзем тушыць. І прытым значна больш эфектыўна, чым літоўскі прэзідэнт (Гітанас Наўседа. — БелаПАН.). Ён заклапаціўся пра беларускі вірус… Сваім вірусам займіся, у цябе там куча пытанняў. Ён яшчэ папракае, што, напэўна, беларусы не пра ўсё інфармуюць”, — заявіў Лукашэнка.

belapan.by

Фота rh.by