Больш за 750 вучняў будуць атрымліваць адукацыю па-польску ў Беларусі
Тры першыя класы пачалі сёлета працу ў гарадзенскай школе нумар 36, два класы былі набраныя ў ваўкавыскай школе нумар 8.
Сёлета мы святкуем 15 гадовы юбілей адкрыцця нашай школы кажа дырэктар ваўкавыскай польскай школы Галіна Булай.
– У мяне 232 чалавекі ў школе, гэта больш таго, на што разлічаная школа. Школа разлічаная на 198 вучняў. Запатрабаванасць ёсць, але каб пашырыць навучанне, трэба рабіць дзве змены. Калі штогод будзе прыбываць па два класы, то школа будзе пераведзеная ў двухзменны рэжым.
“Вучні агульнаадукацыйных школаў – гэта толькі нязначная частка з 12000 асобаў якія вывучаюць польскую мову па ўсёй Беларусі ў розных формах”, – кажа старшыня Галоўнай Рады непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс
– 299 настаўнікаў заангажавана ў рэсурсе польскай адукацыі ў Беларусі. Польская мова выкладаецца ў дзвюх польскіх школах, а таксама ў суботніх і нядзельных школах, на факультатывах. У сувязі з увядзеннем карты палякаў навучанне польскай мове адбываецца на базе арганізацый, як грамадскіх, так і камерцыйных.
У пачатку двухтысячных гадоў нягледзячы на подпісы бацькоў і пратэсты, беларускія ўлады так і не дазволілі адкрыць школы з польскай мовай навучання ў Наваградку, Воранаве і Лідзе.
Агулам на мовах нацыянальных меншасцяў у Беларусі вучыцца толькі кожны тысячны вучань.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя