Больш за 80 праціўнікаў завода АКБ сабраліся ў цэнтры Берасця



12 студзеня каля поўдня ў Берасці на плошчы Леніна ў чарговы раз сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле дадзеных праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было больш за 80 чалавек. Міліцыя праз мегафон папярэджвала прысутных аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

Людзі, што прыйшлі на плошчу, абмяркоўвалі арганізаваны 9 студзеня прадстаўнікамі кампаніі 1AK-GROUP, у якую ўваходзіць ТАА „АйПаўэр”, грамадскі прыём грамадзян, куды не змагла трапіць група праціўнікаў акумулятарнага завода.

Як паведаміў актывіст Андрэй Мілашэвіч, да офіса кампаніі „АйПаўэр” прыйшлі 15 актывістаў. Яны хацелі разам зайсці на прыём, каб задаць падрыхтаваныя пытанні, але ўсю групу ў кабінет не пусцілі на той падставе, што памяшканне малое. Па адным актывісты адмовіліся заходзіць і ў Кнізе прапаноў і заўваг напісалі сваю прапанову арганізаваць паўнавартасную сустрэчу з грамадскасцю да 14 студзеня.

На думку Мілашэвіча, спецыялісты кампаніі не былі гатовыя сустрэцца з групай актывістаў і адказваць на падрыхтаваныя імі пытанні.

Удзельнікі сённяшняй сустрэчы на плошчы сышліся ў меркаванні, што сустрэча ў рэальнасці „была паказухай”. У кабінеце, дзе праходзіла сустрэча з прадстаўнікамі кампаніі 1AK-GROUP, адзначылі актывісты, на самай справе няма офіса „АйПаўэр”. Так, Алег Вялаў расказаў, што да пачатку прыёму прадстаўнікі кампаніі павесілі на дзверы кабінета адпаведную таблічку і прывезлі туды крэслы.

Таксама ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы абмяркоўвалі размешчанае 30 снежня на шэрагу афіцыйных сайтаў, у тым ліку на сайце 1AK-GROUP, паведамленне аб правядзенні грамадскай экалагічнай экспертызы праектнай дакументацыі па аб’екце будаўніцтва „Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр”. У паведамленні гаворыцца, што заказчыкам грамадскай экалагічнай экспертызы выступае кампанія „АйПаўэр”. Прадметам грамадскай экалагічнай экспертызы з’яўляецца ўстанаўленне адпаведнасці або неадпаведнасці праектнай дакументацыі акумулятарнага завода патрабаванням заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя i рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў.

Прысутныя на плошчы заявілі, што ТАА „АйПаўэр” не можа выступаць заказчыкам грамадскай экалагічнай экспертызы. Гэта з’яўляецца парушэннем заканадаўства, бо ў адпаведнасці з палажэннем аб парадку правядзення такой экспертызы, зацверджаным пастановай Саўміна № 1592 ад 29 кастрычніка 2010 года, „ініцыятары грамадскай экалагічнай экспертызы — зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь грамадскія аб’яднанні, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне аховы навакольнага асяроддзя, і (або) грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія ўносяць прапановы аб правядзенні грамадскай экалагічнай экспертызы”.

А паколькі грамадская экалагічная экспертыза з’яўляецца неад’емнай часткай грамадскіх абмеркаванняў і праводзіцца выключна ў рамках такіх абмеркаванняў, яны маюць намер дамагацца правядзення грамадскіх абмеркаванняў праекта акумулятарнага завода.

„Мы хочам, каб усё было па законе, таму дамагаемся правядзення грамадскіх абмеркаванняў”, — заявіла актывістка Алена Макарэвіч.

Адзін з лідараў кампаніі супраць завода Дзмітрый Бекалюк таксама заявіў, што яны будуць дамагацца, каб на грамадскую экалагічную экспертызу прадставілі перапрацаваны праект акумулятарнага завода з усімі ўнесенымі ў яго зменамі, які потым будзе накіраваны на дзяржаўную экалагічную экспертызу. У сувязі з гэтым ён нагадаў, што праект двойчы атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Таму ён павінен быць перапрацаваны ў адпаведнасці з заўвагамі, лічыць Бекалюк.

Падчас сустрэчы было адзначана, што 10 студзеня група жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна накіравала ў Берасцейскі аблвыканкам, гарвыканкам, райвыканкам, а таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта заяву з патрабаваннем правядзення грамадскіх абмеркаванняў.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра „Беларусь”.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Берасце”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і з 3 мая кругласутачна дзяжураць каля прадпрыемства.

У чэрвені Берасцейскі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода „да ліквідацыі выяўленых парушэнняў”, а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. У Мінпрыроды паведамлялі, што прычынай адмоўнага заключэння стала падача недакладных дадзеных.

У жніўні праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзена на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

У верасні стала вядома, што кампанія „АйПаўэр” адклікала праектную дакументацыю акумулятарнага завода з дзяржаўнай экалагічнай экспертызы „па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах”. Пасля ўнясення неабходных звестак „АйПаўэр” зноў падасць праектную дакументацыю на разгляд у Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Мінпрыроды.

6 верасня Аляксандр Лукашэнка пры наведванні Берасцейскай крэпасці заявіў журналістам, што ён „на баку людзей”, занепакоеных праблемамі, звязанымі з будаўніцтвам і ўвядзеннем у эксплуатацыю ў Берасці акумулятарнага завода. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што калі акумулятарны завод у Берасці будуць уводзіць у строй, то ён павінен адпавядаць усім экалагічным стандартам. Як лічыць Лукашэнка, неабходна даць права мясцоваму насельніцтву правесці сваю экспертызу. „Толькі яны будуць вырашаць, ці быць гэтаму заводу і якім будзе гэты завод”, — заявіў ён.

17 снежня ў эканамічным судзе Берасцейскай вобласці пачаўся разгляд іску аблвыканкама да ТАА „АйПаўэр” аб вяртанні грашовых сродкаў інавацыйнага фонду.

belapan.by