Больш за месяц будзе перакрытая адна з цэнтральных вуліц Гомеля



Больш за месяц будзе перакрытая адна з цэнтральных вуліц Гомеля — Інтэрнацыянальная. За гэты час на вуліцы правядуць маштабную рэканструкцыю, у выніку якой аўтамабілісты атрымаюць шэсць палосаў для руху, а пешаходы — падземны тунель. Аднак спецыялісты б’юць трывогу: праект прадугледжвае высечку мноства дрэваў, а таксама выключае магчымасць пабудовы паўнавартаснай веладарожкі ў перспектыве.

 Архітэктар Сяргей Ляпін лічыць, што ў праекце рэканструкцыі вуліцы Інтэрнацыянальнай многа хібаў:

— Праекціроўшчыкі вырашылі выкарыстаць на ўсіх прыпынках грамадскага транспарту, прыпыначныя «кішэні» і гэта вельмі крытычна звузіла пляцоўкі чакання грамадскага транспарту. У найбольш напружаных месцах для натоўпу застаецца тратуар, сумешчаны з пляцоўкай да чакання шырынёй тры метры. І там будуецца падземны пераход. Ну і пры гэтым падземны пераход пабудаваны даволі танны, з аднабаковымі выхадамі.

У якую суму абыдзецца рэканструкцыя вуліцы Інтэрнацыянальнай, невядома. Грамадскія актывісты звяртаюць увагу на адсутнасць адкрытай інфармацыі па гэтай тэме.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель