Больш за палову насельніцтва лічыць, што ў 2017 годзе цэны выраслі вельмі моцна



51,8% насельніцтва Беларусі лічыць, што ў 2017 годзе цэны выраслі „вельмі моцна”. Такія даныя прыведзеныя ў першым апублікаваным Нацыянальным банкам аналізе інфляцыйных чаканняў, які падрыхтаваны на аснове праведзенага ў лістападзе 2017 года сацыялагічнага апытання. У ім узялі ўдзел 1.000 рэспандэнтаў (мужчыны і жанчыны старэйшыя за 18 гадоў). Апытанне праводзілася метадам асабістага інтэрв’ю па месцы жыхарства па замове і на аснове распрацаванай Нацыянальным банкам анкеты, у якую ўваходзяць тры блокі пытанняў: кошты, пакупкі, зберажэнні.

Абагульненыя колькасныя паказчыкі якая адчуванай і чаканай інфляцыі прыведзеныя на аснове ацэнкі Нацбанка.

34,8% апытаных адзначылі, што ў 2017 годзе цэны „выраслі ўмерана”, 11,2% — нязначна. Адчуваны ўзровень інфляцыі склаў 12,9% (афіцыйны за студзень—лістапад — 4,4%).

60,8% насельніцтва чакае, што цэны „будуць расці гэтак жа інтэнсіўна”, 19,5% — „больш павольна, чым цяпер”, 16,3% — „хутчэй, чым цяпер”. Чаканы ўзровень інфляцыі склаў 11,9%.

Пры ацэнцы спрыяльнасці часу для буйных пакупак 70,3% назвалі яго дрэнным, 62,3% лічаць яго дрэнным і для пакупак у крэдыт.

У 47,3% апытаных за апошнія тры месяцы буйных пакупак не было зусім, 13,2% купілі камп’ютар, планшэт, смартфон; 13% — аддалі буйныя сродкі на лячэнне, па 7,7% — на набыццё або рамонт аўтамабіля; адпачынак, паездкі, у тым ліку за мяжу, куплю жылля. 5,6% выдаткавалі сродкі на адукацыю, 6,4% адзначылі іншыя набыткі.

Дрэнным час для зберажэнняў палічылі 74,4% апытаных, такі ж працэнт аддаюць перавагу для зберажэнняў замежнай валюце. Сярод форм зберажэнняў лідзіруюць наяўныя сродкі (41,3%), далей ідуць дэпазіты (уклады) у банку (29,6%), нерухомасць (16,3%), золата, каштоўнасці, страхаванне (5%), каштоўныя паперы — 2,5%. Іншае адзначылі 5,2%.   БелаПАН