Больш за палову ўкраінцаў негатыўна ставяцца да саюза з Расеяй і Беларуссю
Негатыўнае стаўленне да саюза Украіны з Расеяй і Беларуссю пераважае амаль ва ўсіх рэгіёнах, але ў рознай ступені.
Працэнт негатыўнага стаўлення насельніцтва Украіны да саюза Украіны з Расеяй і Беларуссю сёння складае 62%. Як перадае карэспандэнт УНІАН, пра гэта гаворыцца ў выніках агульнанацыянальнага апытання „Да 26-й гадавіны Незалежнасці Украіны: тэндэнцыі змяненняў грамадскай думкі”, прадстаўленых у Інстытуце сацыялогіі НАНУ.
Сацыёлагі адзначаюць, што найбольш значныя змены ў геапалітычных арыентацыях насельніцтва Украіны адбыліся ў 2014 годзе: адсотак тых, хто станоўча ставіўся да далучэння Украіны да саюза з Расеяй і Беларуссю, зваліўся з 49% у 2013 годзе да 25% ў 2014-м і цяпер складае 20%. „Разам з тым працэнт негатыўнага стаўлення да такога саюза вырас за адпаведны перыяд з 28% да 54%, а сёння, у 2017 годзе, складае 62%”, – адзначаецца ў выніках даследавання.
Адзначаецца, што зараз негатыўнае стаўленне да саюза Украіны з Расеяй і Беларуссю пераважае амаль ва ўсіх рэгіёнах, але ў рознай ступені. Так, найбольш негатыўна падобную перспектыву ўспрымаюць ў Заходнім рэгіёне (88% – адмоўна і толькі 4% – станоўча) і ў Цэнтральным (71% – адмоўна і 14% – станоўча). У той жа час, значна менш пераважае негатыўнае стаўленне ва Усходнім рэгіёне (46% – адмоўна і 32% – станоўча) і на Данбасе (33% і 29% адпаведна). У той жа час, сацыёлагі адзначаюць, што на Данбасе значная частка апытаных (38%) не змагла вызначыцца ў гэтым пытанні. А ў Паўднёвым рэгіёне станоўчае і адмоўнае стаўленне да падобнага саюзу з Расеяй і Беларуссю аказалася роўным (37% – станоўчае і 37% – адмоўнае).
Агульнанацыянальнае апытанне насельніцтва Украіны было праведзена Інстытутам сацыялогіі НАН Украіны ў супрацоўніцтве з дабрачынным фондам „Інтэлектуальная перспектыва” з 3 па 25 ліпеня 2017 года ў квотнай выбарцы, якая прадстаўляе дарослае насельніцтва, пачынаючы з 17 гадоў. Апытанне праводзілася ва ўсіх абласцях Украіны (акрамя АР Крым і акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей) метадам асабістага інтэрв’ю па месцы жыхарства рэспандэнтаў. Усяго было апытана 1800 чалавек. Хібнасць выбаркі не перавышае 2,3%.
Фота kremlin.ru