Больш за 200 тысяч чалавек і жорсткія затрыманні ў Менску



Пасля фактычна завяршэння маршу адбыўся налёт на парк ля Камсамольскага возера. Туды прыехала пяць аўтазакаў. Затрымлівалі тых, хто заставаўся ў парку. Людзей, што разыходзіліся, выцеснілі з праезнай часткі праспекту Пераможцаў і праспекту Машэрава ў раёне Нямігі. Некаторых спрабавалі затрымаць. Гэта былі людзі, што вярталіся пасля двухсоттысячнай дэманстрацыі, якая дайшла да Палаца Незалежнасці. Затрымлівалі таксама жанчын.

Ля Палаца незалежнасці ў Менску, дзе каля 3 гадзін стаялі адзін насупраць аднаго сілавікі і дэманстранты, двойчы з інтэрвалам некалькі хвілін распылялі пярцовы газ. Хто гэта зрабіў, незразумела. Непасрэдна ля кардона засталіся каля тысячы ўдзельнікаў Марша адзінства, астатнія вярнуліся да стэлы. На загароды сістэмы «Рубеж» дэманстранты павесілі плакаты рознага зместу і размалявалі іх. Перыядычна яны скандавалі «Ганьба!».

Праваабаронцы паведамляюць імёны 124 затрыманых у час сённяшніх пратэстаў у Менску. Стала вядома, што затрыманы раней у Магілёве карэспандэнт БелаПАН Алесь Асіпцоў вызвалены. Тэлеграм-каналы паведамляюць пра масавыя затрыманні ўдзельнікаў сённяшняга маршу адзінства, якія вярталіся ў свае мікрараёны. Тэлеграм канал Нехта апублікаваў відэа як сілавікі  спрабавалі дагнаць і затрымаць  частку дэманстрантаў у Парку Перамогі. Каб не трапіць у рукі сілавікоў людзі пачалі скакаць у ваду.  Супрацоўнікі таварыства выратавання на водах даставалі людзей з вады, садзілі ў лодку і адвозілі на другі бераг вадаёма.

Сёння — 29-ы дзень пратэстаў у Беларусі. У Менску праходзіць ужо традыцыйны нядзельны маштабны марш. З раніцы на вуліцах сталіцы з’явіліся загароды, сілавікі са шчытамі, вадамёты і аўтазакі. Плошча Незалежнасці ачэплена з усіх бакоў. Зачыненыя на ўваход станцыі метро.

Шматтысячная калона ўдзельнікаў Маршу адзінства дайшла да Палаца Незалежнасці — рабочай рэзідэнцыі Лукашэнкі.

Людзей сустрэла ачапленне з некалькіх сотняў сілавікоў са шчытамі і ваеннай спецтэхнікі — вадамёта і загараджальных машын „Рубеж”, а таксама калючага дроту. На аддаленні стаяць БТРы.

Калі мінулым разам ачапленне стаяла побач з агароджай палаца, то цяпер яно выстраілася далей ад рэзідэнцыі Лукашэнкі, бліжэй да пратэстоўцаў.

Паміж дэманстрантамі і сілавікамі прыкладна 20 метраў. Людзі скандуюць: „Колькі каштуе сумленне?”, „Трыбунал!”, „Саша, выходзь!”.

Ужо больш за гадзіну ўдзельнікі Маршу адзінства стаяць насупраць ачаплення сілавікоў ля Палаца Незалежнасці — рабочай рэзідэнцыі Лукашэнкі.

Надвор’е сапсавалася — пайшоў дождж, і дэманстранты занялі ўсю паркоўку каля гасцініцы „Вікторыя”, якая знаходзіцца насупраць Палаца.

Паводле ацэнак журналістаў і назіральнікаў, удзельнікаў сённяшняга маршу не менш, чым тыдзень таму, — ад 170 да 200 тысяч.

У раёне Трактарнага затрыманы фрылансер Арцём Сізінцаў, які супрацоўнічае з нашым радыё.

Калона дэманстрантаў, якую сілавікі разбілі каля Кальварыйскіх могілак, выйшла на праспект Пушкіна. На сустрэчу ёй ідзе яшчэ адна калона з бел-чырвона-белымі сцягамі.

На Кастрычніцкай плошчы Менска сілавік стаяць пад афіцыйным чырвона-зялёным сцягам.

Фота: Арцёма Сізінцава

Асноўным лозунгам дэманстрацыі стане „Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго”. Такім чынам удзельнікі акцыі намераны выказаць салідарнасць з затрыманымі падчас папярэдніх акцый пратэстоўцамі.

Акрамя таго, яны маюць намер запатрабаваць вызвалення палітыкаў, якія знаходзяцца ў СІЗА ўжо некалькі месяцаў па розных справах. Гаворка ідзе пра блогера Сяргея Ціханоўскага, недапушчанага да выбараў прэзідэнта Віктара Бабарыку і апазіцыянера Мікалая Статкевіча. Застануцца і старыя патрабаванні: пратэстоўцы хочуць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і не прызнаюць вынікі прэзідэнцкіх выбараў, дзе, як сцвярджаюць у ЦВК, ён набраў 80% галасоў.

Акцыі пратэсту запланаваныя ў многіх іншых беларускіх гарадах. Напярэдадні ў Менску прайшлі некалькі дэманстрацый, у тым ліку жаночы марш. Міліцыя паведаміла аб затрыманні больш за 30 чалавек, 9 з іх, гэта студэнты, пакінутыя пад вартай да суда. Ім ставяць у віну ўдзел у няўзгодненай акцыі. Масавыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца ўжо амаль месяц.

Беларускае Радыё Рацыя