Больш за ўсё абітурыентаў зарэгістравалася на ЦТ па рускай мове і матэматыцы
Больш за ўсё абітурыентаў у Беларусі зарэгістравалася на ЦТ па рускай мове і матэматыцы, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Юрый Міксюк.
Усяго для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў гэтым годзе зарэгістравана 82 471 абітурыент (у мінулым годзе – 92 274). „Больш за ўсё жадаючых здаваць рускую мову і матэматыку – 66 907 і 45 209 абітурыентаў адпаведна. На трэцім месцы англійская мова – 27 554 чалавекі”, – удакладніў Юрый Міксюк.
На ЦТ па біялогіі зарэгістраваліся прыкладна 27 тыс. абітурыентаў, на фізіку – 25 553, на беларускую мову – 24 908, на гісторыю Беларусі – 22 248 чалавек.
Юрый Міксюк адзначыў, што парадак правядзення цэнтралізаванага тэсціравання сёлета застаецца ранейшым. Абітурыентам трэба своечасова прыйсці – за 30 мінут да пачатку тэсціравання. Пры сабе неабходна мець пропуск на ЦТ, які выдаецца пры рэгістрацыі, пашпарт або іншы дакумент, што засведчвае асобу (пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца), гелевую або капілярную ручку з чорным чарнілам. На ЦТ па фізіцы і хіміі можна ўзяць з сабой калькулятар.
Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе ў Беларусі 12 чэрвеня з ЦТ па беларускай мове.