Большасць беларусаў вераць у Бога



Большасць жыхароў Беларусі кажуць, што вераць у Бога. Пра гэта сведчаць дадзеныя нацыянальнага сацыялагічнага апытання дарослага насельніцтва краіны, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам.

Як паведамляе БЕЛТА, у ходзе сацыялягічнага даследавання адзначылі, што вераць у Бога 63,5% апытаных жыхароў краіны, яшчэ 5% – у звышнатуральныя сілы.

Не змаглі адназначна вызначыць сваё стаўленне да веры 22% апытаных, а 8,5% адказалі, што не з’яўляюцца вернікамі.

Разам з тым абсалютная большасць насельніцтва краіны адносіць сябе да дзвюх канфесій – праваслаўнай (83%) і каталіцкай (9,5%).

Большасць рэспандэнтаў, якія лічаць сябе прыхільнікамі якой-небудзь рэлігіі (63%) адзначаюць рэлігійныя святы. Актыўна паводзяць сябе ў рэлігійным плане толькі 9% рэспандэнтаў, стала бяруць удзел у набажэнствах (6%), адпраўленьні ўсіх абрадаў і сакрамэнтаў (3%).