Большасць кандыдатаў не даехалі ў рэгіёны
У той жа час кандыдаты ў прэзідэнты маюць яшчэ толькі тры дні на агітацыю за сваю кандыдатуру.
З чатырох кандыдатаў горад Пінск на Берасцейшчыне наведала толькі Таццяна Караткевіч, а дзейнага кіраўніка краіны тут прадстаўлялі яго давераныя асобы. Нейкіх агітацыйных “жарсцяў” жыхары Пінска не адчулі, і падзяліліся сваім меркаваннем адносна выбарчай кампаніі:
— Ня ведаю. Негатыўна. Нічога не мяняецца.
— Мы вельмі кепска ставімся да выбараў, бо усе абяцаюць, а ніхто нічога не робіць.
— Я заўсёды хаджу, бо трэба хадзіць. Мы ж жывём у гэтай краіне і нам выбіраць, хто будзе камандаваць тут.
— Асабіста я не пайду, бо зменаў — ніякіх.
— Я лічу, што гэта адна з праяваў дэмакратыі ў нашай краіне, таму хаджу абавязкова.
— Тут народ нічога ня зробім.
Пінская каманда Таццяны Караткевіч цяпер займаецца незалежным назіраннем, і лічыць, што надзвычай важна выяўляць і не дапускаць парушэнні ў час галасавання.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск