Большасць шпіталізаваных жыхароў аграгарадка Камунар адпушчаныя дадому
У Буда-Кашалёўскай цэнтральнай раённай бальніцы застаецца 10 пацыентаў, якіх туды даставілі 2 красавіка з-за выяўленага каронавіруса ў навучэнца школы ў аграгарадку Камунар. 29 адпушчаныя дадому. Усе яны з’яўляліся кантактамі першага ўзроўню школьніка, які займаўся ў гомельскай СДЮШАР № 4, дзе былі зарэгістраваныя выпадкі заражэння каронавірусам.
Як паведамляе прэс-служба аблвыканкама са спасылкай на галоўнага санітарнага ўрача Буда-Кашалёўскага раёна Валянціна Камяшко, 4 красавіка 29 чалавек былі адпраўленыя па дамах. Каронавірус у іх не пацвердзіўся. Нягледзячы на адмоўныя вынікі, яны працягнуць знаходзіцца ў каранціне дома. За імі ўстаноўленае медыцынскае назіранне.
Хлопчык, які кантактаваў з хворымі на COVID-19 трэнерамі гомельскай спартшколы, знаходзіцца ў Гомельскай абласной інфекцыйнай бальніцы. У яго пацверджаная каронавірусная інфекцыя. Медыкі ацэньваюць яго стан як добры. Бацькі хлопчыка, бліжэйшыя сваякі і дзеці, якія блізка кантактавалі са школьнікам, пакуль знаходзяцца пад наглядам у інфекцыйным аддзяленні Буда-Кашалёўскай бальніцы. Іх дыягназ не пацверджаны, але яны застануцца пад наглядам лекараў.
Пра стан камунараўцаў, шпіталізаваных у бальніцу ў Буда-Кашалёве, расказала доктар-інфекцыяніст Вольга Маханава: „Наша аддзяленне забяспечанае ўсімі сродкамі абароны для нашых супрацоўнікаў, дэзынфектантамі, антысептыкамі і лекавымі прэпаратамі. Працуем у звычайным рэжыме. На сёння зарэзервавана 60 ложкаў: 20 — у інфекцыйным аддзяленні і 40 — у акушэрска-гінекалагічным. Калі спатрэбіцца, ёсць дадатковыя рэзервы. Панікі сярод пацыентаў няма. Хіба што дзеці сумуюць без бацькоў”.
Фота: скрыншто з відэа