Браканьераў у Беларусі будуць лавіць з дапамогай мабільнага дадатку
Як паведаміў на прэсавай канферэнцыі ў Менску кіраўнік Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Новікаў, мабільны дадатак стане дасяжны для карыстальнікаў у бліжэйшыя дні, яго можна будзе спампаваць на сайце ведамства.
– Тэставы рэжым запрацуе ў бліжэйшыя дні. Усё вельмі проста. Дадатак распрацаваны такім чынам, каб чалавек, які знаходзіцца дзе заўгодна – у лесе, на вадзе – не істотна, пры відзе правапарушэння мог яго зафіксаваць і з дапамогай гэтага дадатка накіраваць у наш інфармацыйны цэнтр. Нашая дзяжурная служба працуе круглыя суткі. Як толькі паступае гэтая інфармацыя ў дзяжурную службу, дзяжурная служба адразу наладжвае зваротную сувязь з групай інспектараў, якія працуюць найбліжэй да гэтага месца правапарушэння.
Паводле Сяргея Новікава, штомесяц дзяржінспекцыя прымае каля 200 тэлефанаванняў на гарачую лінію ад неабыякавых грамадзян з паведамленнем пра парушэнні. Каля 350 чалавек дапамагаюць ведамству ў якасці добраахвотных грамадскіх інспектараў.
Беларускае Радыё Рацыя