Браніслаў Тарашкевіч: камуніст ці змагар за беларускую справу?
„Мы ніколі не разважалі пра змену нашага патрона” кажа дырэктар агульнаадукацыйнага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча Андрэй Сцепанюк.

„Нават тады калі Інстытут Нацыянальнай Памяці пачаў ставіць пытанні аб гэтак званай дэкамунізацыі”, – кажа Андрэй Сцепанюк.
– Ён не будаваў нейкай дзяржавы безнацыянальнай, дзе будзе толькі ідэалогія адыгрываць ролю, ён заўсёды ішоў у напрамку беларускай дзяржавы. Не забываем пра Тарашкевіча. Можна інакш падыходзіць да яго ў школе, бо тут справы звязаныя з граматыкай, з панам Тадэвушам найважнейшыя для маладых людзей. Але калі гаварыць шырэй, то сапраўды гэтая постаць вельмі важная ва ўсёй беларускай гісторыі.


Браніслаў Тарашкевіч – адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, заснавальнік Таварыства беларускай школы, кіраўнік 120-тысячнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады, дэпутат Сойма Рэчы Паспалітай. Вязень сумлення міжваеннай Польшчы і вязень савецкай турмы, дзе быў закатаваны ў 1938 годзе. А перад ўсім Браніслаў Тарашкевіч – навуковец, інтэлектуал, аўтар першай беларускай граматыкі для школ, перакладчык. Больш пра Браніслава Тарашкевіча ў сённяшняй перадачы „Мы Бачым”.
Беларускае Радыё Рацыя
