БРСМ мае намер правесці свой „Дзень вышыванкі”



Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) сумесна з Менгарвыканкамам і Міністэрствам культуры плануюць правесці свята „Дзень вышыванкі” ў ліпені гэтага года.

На гэтым тыдні Савет міністраў пастановай № 51 зацвердзіў план мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года культуры. Да дакумента, апублікаванага на сайце ўрада, прыкладаецца пералік гэтых мерапрыемстваў, сярод якіх ёсць і „Дзень вышыванкі”.

Фестываль нацыянальнай культуры „Дзень вышыванкі” ўжо існуе. Распрацоўшчыкам канцэпцыі і фармату гэтага фестывалю з’яўляецца Мікіта Броўка, каардынатар „Арт Сядзібы” — некамерцыйнай арганізацыі, якая займаецца папулярызацыяй беларускай культуры. Першыя два „Дня вышыванкі” з поспехам прайшлі ў кастрычніку і снежні 2014 года ў Менску менавіта пад эгідай „Арт Сядзібы” і Асамблеі НДА.

У гутарцы Броўка заявіў, што ніхто з дзяржаўных органаў або рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў не звяртаўся да актывістаў „Арт Сядзібы” як да ініцыятараў „Дня вышыванкі” ў Беларусі з прапановай разам правесці гэтае мерапрыемства.

„У прынцыпе, раней БРСМ ужо выкарыстоўваў нашу ідэю з раздачай стужачак з беларускім арнаментам, — сказаў Броўка. — Але ў іх не было такога размаху, як у нас, дый акцыя іх праходзіла пад іншай назвай і была ў межах прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі”.

Каардынатара „Арт Сядзібы”, паводле яго слоў, не здзіўляе, што дзяржава вырашыла выкарыстоўваць гэтую назву для свайго свята: „Наколькі мне вядома, у Адміністрацыі прэзідэнта лічаць, што гэта мы запазычылі ў іх ідэю з вышыванкамі, бо арнамент ёсць і на дзяржаўным сцягу. Акрамя таго, Лукашэнка неяк паяўляўся ў вышыванцы. Але першапачаткова гэта была мая ідэя — правесці фестываль менавіта ў такім фармаце і пад такой назвай”.

Паводле слоў Броўкі, з аднаго боку добра, што дзяржава следам за грамадскімі актывістамі „робіць ухіл на развіццё ўсяго беларускага”. З іншага боку, сказаў ён, калі дзяржава „праводзіць мерапрыемства, выкарыстоўваючы ідэю, фармат і назву, упершыню ўжытае „Арт Сядзiбай”, то было б справядліва, калі б яна прапанавала партнёрства”.

„Арт Сядзiба” планавала сёлета правесці чарговы фестываль пад назвай „Дзень вышыванкі”. Мяняць гэтую назву з-за намераў дзяржавы правесці аднайменнае мерапрыемства грамадскія актывісты не збіраюцца. „Усё ж такі гэта мы ўпершыню ў Беларусі правялі фестываль нацыянальнай культуры пад такой назвай”, — заявіў Броўка.

Атрымаць каментар прэс-службы БРСМ адносна таго, ці збіраецца гэтае маладзёжнае аб’яднанне прапанаваць „Арт Сядзiбе” партнёрства для правядзення „Дня вышыванкі”, а таксама ў якім фармаце пройдзе гэтае свята, пакуль не ўдалося.

belapan.by