Брутальныя затрыманні ў Ганцавічах
У Ганцавічах, што ў Берасцейскай вобласці, увечары 20 чэрвеня прайшлі брутальныя затрыманні ўдзельнікаў невялікага ланцугу салідарнасці, які зладзіўся каля цэнтральнай плошчы горада.
Міліцыя намагалася прагнаць людзей, але тыя адказвалі, што проста стаяць у сваім горадзе і могуць гэта рабіць.
Неўзабаве міліцыя затрымала і зацягнула ў машыны каля дзесяці чалавек, у тым ліку двух журналістаў мясцовага выдання «Ганцавіцкі час», якія вялі стрым з месца падзеяў – гэта Сяргей Багроў і Аляксандр Пазняк. Усіх адвезлі ў РАУС.
Галоўны рэдактар «Ганцавічкага часу» Пётр Гузаеўскі паведаміў, што Аляксандра Пазняка міліцыянты збілі і пагражалі яму. Магчыма збіты і аператар Сяргей Багроў.
Акрамя журналістаў, вядома пакуль толькі імя аднаго затрыманага – гэта Ігар Дулік.
Каментуе Пётр Гузаеўскі:
– Ён не ўдзельнічаў, а проста прыйшоў туды паглядзець, што там адбываецца. Але я яго бачыў у міліцыі, ён ужо быў пабіты ўвесь, яго цягнулі туды. І на відэа ёсць, як яго затрымліваюць. Ён проста падыйшоў паглядзець, а яго залажылі. Ён кажа: прыміце рукі, чаго вы да мяне прывязаліся.
Стрым, які вялі журналісты «Ганцавічкага часу», імкліва разышоўся па інтэрнэт-прасторы.
На дадзены момант усе затрыманыя знаходзяцца ў мясцовым РАУСе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: скрыншоты са стрыму «Ганцавіцкага часу»