„BRUTTO” зрабілі рэвалюцыю свядомасці ў Гомелі



Выступ „BRUTTO” ў Гомелі па атмасферы нагадаў нешта сярэдняе паміж шэсцем футбольных фанатаў, апазіцыйным мітынгам і чадным рок-канцэртам з бурлівых 1990-х. Да апошняга моманту многія з тых, хто набыў квіткі на праект Сяргея Міхалка, хваляваліся, што за пару дзён да канцэрта ў „Гомельскім лядовым палацы” раптоўна пацячэ дах альбо „адбудзецца ўцечка этыленгліколю”…

2Улады падрыхтаваліся да канцэрту „BRUTTO” грунтоўна. Шматлікія супрацоўнікі ДАІ, экіпажы хуткай дапамогі, пажарнікі і рэкордная колькасць байцоў спецназу  усё гэта нагадвала пра тое, што радзіма, калі што, заўжды гатовая паказаць, „хто ў доме гаспадар”. Але штосьці змянілася і ў нашым настабільнейшым з усіх сусветаў. 5 год таму за майку з Пагоняй і бел-чырвона-белы сцяг смельчаку бы гарантавана свяцілі суткі ў ізалятары часовага ўтрымання і прафілактычны фронт-кік. Цяпер жа міліцыянты нават не звярталі ўвагу на забароненую сімволіку, а сёй-той з „людзей у чорным” нават прытанцоўваў пад словы „в горисполкоме будут жить проститутки”.

14

15Знаёмыя журналісты пераціралі міжсобку жарты пра ўнікальную масоўку, якую можна ўсю „пакаваць” без разбору. Нехта казаў пра тое, што ці не палова беларускага фэйсбука прыйшла на канцэрт. Хтосьці задаваўся пытаннем, чаму першы канцэрт адбыўся менавіта ў Гомелі, а не, скажам, у Берасці. Разам прыйшлі да высновы, што, відаць, па прычыне блізасці расейскай мяжы.

На стаянцы, размешчанай ля лядовага палаца, прыпаркаваліся аўтамабілі  з нумарнымі знакамі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. „Мы прыехалі на „BRUTTO” кампаніяй з самога Віцебска. Адлегласць нас не палохала, бо мы дзеля Міхалка нават у Варшаву і Вільню ездзілі. А прапусціць беларускі канцэрт – гэта па-за межамі дабра і зла”,  эмацыйна гаворыць дзяўчына ў майцы з лагатыпам „BRUTTO”. Пасля яе спіча ўся кампанія дружна спявае радкі пра шэрых быкоў з песні „Грай”. На фоне ходзяць бамбізы ў амапаўскай форме, але выхадку моладзі ігнаруюць.

6

4 „Я думаю, што дазвол на правядзенне канцэрта „BRUTTO”, – гэта спусканне пары. Каб людзі паскакалі, разрадзілі свае эмоцыі, супакоіліся. Чаму ў Гомелі? Мяркую, што ў гэтым прысутнічае бізнес-інтарэс. Вы ж чулі, што Міхалок плануе серыю канцэртаў па Беларусі. Каб „BRUTTO” распачалі тур з Менска, напрыклад, то на наступныя канцэрты прыйшло б менш народу”, гаворыць Ягор з Менска. Хлопец без праблем пранасіў бел-чырвона-белы сцяг на плячах увесь канцэрт. „Толькі ў самым пачатку на ўваходзе ў залю міліцыянты ветліва папрасілі схаваць сцяг. Я гэта і зрабіў, але праз пару хвілінаў разгарнуў яго. Ніякіх праблемаў не было ў звязку з гэтым”, дадае Ягор.

Дзве дзяўчыны з шалікамі-арафаткамі на шыях Ірына і Наста таксама прыехалі на канцэрт „BRUTTO” з Менска. Для Ірыны гэта першая магчымасць пачуць гурт Сяргея Міхалка жыўцом. Таму яна не хавае свайго захаплення літаральна ад усяго: ад атмасферы, ад людзей, ад сцягоў і музыкі. А вось Наста ставіцца да канцэрта куды больш спакойна: „Мяне нельга назваць вялікай фанаткай творчасці гурту, але прапусціць гістарычную падзею мне проста сумленне не дазволіла. Я ў сацыяльных сетках свайму сябру пісала ў першай палове канцэрта пра тое, што Міхалок выступае як мужык – без лішніх сопляў і жорстка. Але другая палова, дзе гучалі больш лірычныя кампазіцыі, а таксама момант, калі Сяргей Міхалок пасадзіў сабе на плечы сына Макара, усё-такі мяне скарылі”.

Сам Сяргей Міхалок падчас канцэрта быў даволі стрыманы ў выказваннях. Паміж паўзамі сыпаў шматсэнсоўнымі вершамі.

„Мы ўдзячныя тым смелым, рашучым людзям, якія ўзяліся за арганізацыю гэтага гістарычнага канцэрта. Мы ўдзячныя вам, нашыя фанаты. Вашая сіла волі і гарачыя сэрцы дапамаглі растапіць гэты лёд адчужання. Дзякуючы вам, нашыя сталёвыя сябры, „BRUTTO” вярнуліся дамоў”, прамовіў лідар гурта ў адным са сваіх нямногіх зваротаў да публікі.

Пад завяршэнне канцэрту слухачы пачулі фразу Міхалка, якой можна ўсё патлумачыць: „І хай усё, што не сказана, вы прачытаеце ў нашых вачах”. З гэтага можна зрабіць выснову пра вельмі жорсткія ўмовы, якія маглі паставіць перад арганізатарамі ўлады.

13Падчас выканання песні „Гарри”, прысвечанай украінскім добраахвотнікам у зоне АТО, частка танцпляцоўкі ўселася на падлогу. На прыпеве моладзь узнялася хваляй з бел-чырвона-белымі сцягамі. Сярод іншай сімволікі прысутнічаў таксама і адзін дзяржаўны сцяг Украіны.

Невялікім расчараваннем фанатаў сталася тое, што музыкі так і не выканалі адзін са сваіх галоўных хітоў „Грай” песні, якая стала гімнам супраціву міліцэйскаму бязмежжу.

Зрэшты, канцэрт Міхалка ў Гомелі варта было б правесці, каб убачыць агаломшаных амапаўцаў, якія разгублена пераглядаліся пад песню „Наша возьме” і „Гарэза”. Бадай упершыню за доўгія гады міліцыянты адэкватна рэагавалі на нацыянальную сімволіку. Нават па завяршэнні канцэрта натоўпы аматараў творчасці „BRUTTO” без праблемаў разыходзіліся па гандлёвых цэнтрах і барах горада з бел-чырвона-белымі сцягамі, на што зусім не звярталі ўвагу людзі ў форме.

[Not a valid template]

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота: Юлія Сівец