Брытанскі падданы Алан Сміт спыніў галадоўку
Брытанскі падданы Алан Сміт, які знаходзіцца ў папраўчай калоніі „Віцьба-3”, спыніў галадоўку, паведаміла БелаПАН яго жонка Магдалена Валіньска.
Паводле яе слоў, 28 чэрвеня муж патэлефанаваў ёй з калоніі. „Мы змаглі пагаварыць упершыню з лютага гэтага года, — сказала Валіньска. — Ён патлумачыў, чаму вырашыў галадаць, але я пакуль не хачу гаварыць пра дэталі. Можна сказаць, што ён пачаў галадоўку з-за несправядлівых пакаранняў”.
Сміт галадаў восем дзён і спыніў галадоўку пасля таго, як яго наведаў брытанскі консул. Валіньска паведаміла, што муж змог патэлефанаваць ёй праз 15 хвілін пасля таго, як консул пакінуў калонію.
„Шмат усяго здарылася, але дзеля бяспекі Алана я пакуль не буду пра гэта гаварыць, — сказала суразмоўца. — Аднак я вельмі ўдзячная брытанскаму консулу за тое, што Алан адмовіўся ад ідэі галадоўкі”.
Яна паведаміла, што да канца тэрміну Сміту забароненыя сустрэчы са сваякамі і перадачы. Ён павінен выйсці на волю праз тры месяцы.
13 ліпеня 2017 года суд Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці прызнаў Сміта вінаватым у арганізацыі незаконнай міграцыі ў Еўрасаюз цераз Беларусь шасці грамадзян Ірака і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Разам з ім асуджаныя два беларусы. Арсеній Рачкоўскі і Вольга Грахоўская прыгавораныя адпаведна да трох гадоў сямі месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму і трох гадоў аднаго месяца ў калоніі агульнага рэжыму. У судзе Сміт заявіў, што лічыць прысуд несправядлівым і незаконным. Паводле слоў брытанца, яго правы шматкроць парушаліся і ён невінаваты.
Фота з сайта novychas.by