БСДП прапануе абвесціць 2016 Годам Міхася Ткачова



„Беларускія сацыял-дэмакраты тэрмінова павінны абвесціць Год Міхася Ткачова і годна адзначыць 25-годдзе адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху ў краіне”, – заклікае экс-старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Анатоль Ляўковіч.

У сакавіку 1991 года ў Беларусі з’явілася сацыял-дэмакратычная грамада і яе лідарам стаў аўтарытэтны гісторык Міхаіл Ткачоў.

Анатоль Ляўковіч узгадвае, што з’яўленне Грамады мела важны палітычны характар, бо брэнд “сацыял-дэмакраты” хацелі забраць сябе камуністы і дзякуючы намаганням Ткачова ў Беларусі сацыял-дэмакратычная плынь аказалася занятая людзьмі з прабеларускімі поглядамі:

– Ён адыграў самую важную ролю ва ўтварэнні гэтай партыі. Зразумела, што там жа на гэтым з’ездзе, я быў дэлегатам гэтага ўстаноўчага з’езда, яго абралі старшынём партыі. Добра запомнілася, што ён выклікаў вельмі станоўчае ўражанне, чалавек да якога хацелася звярнуцца, да якога цягнуліся людзі, які кансалідаваў.

На думку Ляўковіча аб’яўленне Года Міхася Ткачова дасць добрую глебу для кансалідацыі розных сацыял-дэмакратычных груповак, бо ўсе яны павінны быць удзячныя Ткачову. Акрамя таго, гэта тэма не аднаго дня ці месяца, бо ад 25-годдзя адраджэння беларускай сацыял-дэмакратыі трэба будзе перайсці да 75-годдзя Міхаіла Ткачова.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя