“БССР – гэта байструкаватае дзіцё БНР”: размова з Вінцуком Вячоркам



Першыя падпольныя святкаванні ў лесе, афіцыйныя ўрачыстасці і чарговыя забароны. Святкаванні 25 Сакавіка за апошнія дзесяцігоддзі праходзілі ў розных абставінах, перажыўшы невялікі адрэзак свабоды. Пра гэта і не толькі – у размове з грамадскім дзеячам і мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам.

Упершыню ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі ў 1919 годзе ў Гародні. Пазней святочныя мерапрыемствы праводзіліся ў шэрагу іншых гарадоў у складзе міжваеннай Польшчы, але галоўныя ўрыстасці звычайна адбываліся ў Вільні.

За савецкім часам Дзень Волі пачалі святкаваць падпольна ў 1980-я гады. Сярод удзельнікаў тых святкаванняў быў і Вінцук Вячорка:

— Ушаноўваць БНР ды яе дзеячаў у тыя часы азначала салідарызавацца з ворагамі савецкай улады. Гэта магло за сабой цягнуць самыя кепскія наступствы. Наша моладзевая група, якая ўтварала “Беларускую Майстроўню” і падпольную групу “Незалежнасць”, зладзіла першае на маёй памяці святкаванне ў 1982 годзе. Мы выехалі ў лес, недалёка ад вёскі Асееўкі, гэта гомельскі накірунак чыгункі. Там узнялі сцяг, чыталі адпаведныя эпосе вершы класікаў, Купалы найперш. Узгадвалі айцоў-заснавальнікаў БНР.

Пасля аднаўлення незалежнасці Беларусі святкаванні 25 сакавіка праходзілі масава, а ў 1993 годзе прайшлі вялікія афіцыйныя святкаванні, калі ўсіх павіншаваў тагачасны кіраўнік краіны Станіслаў Шушкевіч.

Узгадвае Вінцук Вячорка:

— Першыя святкаванні на вуліцах пачаліся ў 1989 годзе. Асноўным рухавіком быў Алесь Пушкін, які зладзіў прыгожы рамантычны перформанс. З 90-га году пачалі святкаваць шэсцямі, творчымі акцыямі, канцэртамі ў парках і скверах Менску і не толькі Менску. Што тычыцца 1993 году, то, напэўна, гэта было пікам дзяржаўнага прызнання пераемнасці Рэспублікі Беларусі ад Беларускай Народнай Рэспублікі. Тады ў Менск прыехаў старшыня Рады БНР Язэп Сажыч, была вялікая ўрачыстасць у адной з найлепшых заляў нашай краіны з удзелам найвышэйшага кіраўніцтва дзяржавы. І было такое спадзяванне, што яшчэ пяць, шэсць, можа сем гадоў засталося да таго часу, калі нашая незалежнасць, наш кірунак да адбудовы беларускай дзяржаўнасці як дзяржаўнасці еўрапейскага, заходняга кшталту стане незваротным. Тады адбудзецца ўрачыстая перадача сімвалаў улады, пячатак ад кіраўніцтва БНР – кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь, як гэта адбылося ў Польшчы ды Украіне. Аднак гісторыя пайшла зусім інакш. Пасля 95-га году акцыі 25 сакавіка былі скіраваныя на абарону самой з такой цяжкасцю адноўленай незалежнасці, і аказалася, што заўчасна перадаваць кляйноты незалежнасці нашай дзяржавы ў Менск.

Архіўнае фота. Мітынг БНФ 24 сакавіка 1996 году ў Менску

Пра назву свята

Спачатку 25 сакавіка называлі Днём Незалежнасці. Вінцук Вячорка акурат прытрымліваецца той думкі, што варта называць 25 сакавіка менавіта Днём Незалежнасці…

— Першыя адзначэнні свята называлася Днём абвяшчэння незалежнасці, што цалкам адпавядае гістарычнай паслядоўнасці падзей. 9 сакавіка праз Другую ўстаўную грамату была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка яшчэ без удакладнення яе статусу стасоўна суседзяў, там дэклараваліся асноўныя свабоды і грамадзянскія вольнасці, незачэпнасць асобы і гэтак далей. Так што Дзень Рэспублік і Дзень Волі – гэта 9 сакавіка. А 25 сакавіка Трэцяй Устаўной граматай была абвешчана незалежнасць БНР. І менавіта як Дзень Незалежнасці гэтая дата святкавалася нашай дыяспарай, калі ў Савецкім Саюзе катэгарычна было забаронена памяць пра 25 сакавіка, і калі гэтае свята адраджалася. У 90-м годзе спецвыпуск легендарнай газеты “Свабода”, наклады якой сягалі ста тысяч, выйшаў пад назвай “Дзень Волі”. Гэта была метафарычная назва. Гэтая метафара ёмістая, учэпістая, спадабалася людзям, але адбылася пэўная падмена метафарай сапраўднага першаснага зместу. Я думаю, што гэта не бяскрыўдная падмена, таму што, калі мы забываемся пра карані нашай незалежнасці, то прыходзіць нехта і прыдумляе нам нейкія іншыя дні, якія да незалежнасць беларускай дзяржавы маюць вельмі ўскоснае дачыненне. Тут варта прыгледзецца да нашых суседзяў, да літоўцаў, у якіх ёсць Дзень незалежнасці і Дзень аднаўлення незалежнасці, што адпавядае гістарычнай праўдзе. Акрамя таго, “воля” як сінонім слова “свабода” – гэта тое, за што трэба змагацца ўсячасна. І ў гэтым сэнсе свабода абумоўлівае незалежнасць, але ж і толькі ў незалежнай Беларусі мы можам аднавіць сваю свабоду.

РР: Цяпер шмат дыскусій ідзе вакол ролі БНР у далейшым лёсе нашай краіны. Як вы лічыце, вось што галоўнае трэба данесці кожнаму беларусу, якую галоўную думку пра значэнне даты 25 сакавіка 1918 году?

— Беларускі народ у пачатку мінулага стагоддзя, калі адбывалася адраджэнне да незалежнай дзяржаўнасці або і тварэнне незалежнай дзяржаўнасці, быў роўным сярод роўных, сярод мноства іншых народаў нашага рэгіёну Еўропы. Вельмі хуткае аднаўленне нацыянальнай і моўнай ідэнтычнасці — гэта ўсё адбывалася ў нас, як і ў іншых народаў. Тое, што нам тады не ўдалося замацаваць нашу новаўтвораную, не камуністычную, а еўрапейскага кшталту дзяржаўнасць, гэта ж не толькі наша трагедыя. Не ўдалося тады і ўкраінцам, і крымскім татарам, і грузінам, і армянам. У гэтым сэнсе мы ў годнай кампаніі, нам няма чаго камплексаваць. БССР, што шматкроць пацверджана, не магла б узнікнуць без БНР.

Я дазволю сабе ўжыць такую метафару: БССР – гэта такое байструкаватае дзіцё БНР, пачатае на няправым ложы, якое ўсячасна з гэтай прычыны камплексавала.

— Менавіта бэсэсэраўскімі рукамі, рукамі НКВД былі вынішчаныя ўсе айцы БНР, да якіх гэтая кашчавая рука дацягнулася. Усе яны былі забітыя або закатаваныя ў лагерах, ці даведзеныя да смерці. Айцы і мацеркі БНР нікога не адпраўлялі на смерць, як узгадаў Сяргей Шупа падчас прэзентацыі ў Менску сваёй кнігі. І ў гэтым ні з чым непараўнальны гуманістычны пасыл, які пакінула нам Беларуская Народная Рэспубліка.

Мітынг ля менскай Оперы, 25 сакавіка 1996 году

Цалкам размова з Вінцуком Вячоркам у далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя