Будаўніцтва Палацу шлюбаў у Віцебску маскіруюць пад рэстаўрацыю іншага будынку
У абласным цэнтры зноўку абвастрылася сітуацыя з будаўніцтвам Палацу шлюбаў.
На фота: Выгляд Палацу шлюбаў паводле апошняга праекту
Гарадскія ўлады хочуць узвесці яго на падахоўнай тэрыторыі Ніжняга замку, якая з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння. Гарадскі актывіст, аматар даўніны Канстанцін Смолікаў напісаў скаргі ў Віцебскую абласную пракуратуру і да памочніка прэзідэнта ў Віцебскай вобласці, патрабуючы скасаваць планы будаўніцтва ў і не марнаваць грошы на чарговую пераробку праекту, якая каштуе амаль 130 тысяч даляраў бюджэтных грошай.
На фота: Палац шлюбаў хочуць збудаваць на гэтай пустцы
Паводле плану развіцця горада, новы Палац шлюбаў быў запраектаваны на беразе Дзвіны непадалёк ад царквы Звеставання 14-га стагоддзя. Першапачаткова ён уяўляў сабой сучасны гмах са шкла і бетону, і яго з’яўленне не толькі не ўпісвалася ў навакольны краявід, але і супярэчыла заканадаўству аб ахове помнікаў. Пасля скаргаў абураных гараджанаў улады вырашылі пайсці на хітрасць: было абвешчана, што Палац шлюбаў размесціцца ў адноўленым будынку гарадскога банку пачатку 20-га стагоддзя.
На фота: Першапачатковы праект
На фота: “Гібрыд” палаца і банку
На фота: Аўтэнтычны выгляд банку
Аднак будаваць яго хочуць зусім не ў тым месцы і далёка не ў першапачатковым выглядзе, адзначае Канстанцін Смолікаў.
– Калі яго адраджаць, то гэты будынак “чапляе” новую драўляную царкву Аляксандра Неўскага. Гэта значыць, царкву трэба зносіць. Але вырашылі не зносіць, а перанесці будынак на іншае месца і там адбудаваць наноў. Фасад будзе разарваны нейкімі шклянымі паверхнямі, так што будынка банку пачатку 20-га стагоддзя мы не ўбачым.
На фота: Гістарычны будынак у сучасным краявідзе. Фотапраекцыя В. Барысенкава
Жыхары Віцебску ўжо неаднаразова ўздымалі пытанне пра тое, што гарадскія ўлады парушаюць заканадаўства, запланаваўшы новае будаўніцтва там, дзе гэта рабіць забаронена. Але Міністэрства культуры не рэагуе на парушэнні, нібыта не заўважаючы таго, што “новабуд” спрабуюць замаскіраваць пад рэстаўрацыю гістарычнага аб’екта.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск