Будні «савецкага акупанта»



Пра апошнія гады ГДР згадвае беларускі жаўнер са спецчасткі ўрадавай сувязі КДБ.

«Мой бацька заехаў у Берлін адным з першых у складзе 5-й гвардзейскай танкавай арміі ў 1945-м. Ён пакінуў свой аўтограф на сценах Рэйхстага. А я, па іроніі лёсу, быў адным з апошніх, хто адбываў службу ў ГДР», – так пачаў нашую размову жыхар станцыі «Церуха» Гомельскага раёна Сяргей Кабурнееў. 30 гадоў таму, цягам 1988-1990 гг, ён праходзіў тэрміновую службу ў ГДР. Як праходзілі будні савецкага салдата напярэдадні і падчас уз’яднання Нямеччыны? Ці лічылі сябе беларусы, якія служылі ў ГДР, акупантамі? Як змяніўся светапогляд беларусаў пасля гадоў, праведзеных ва Усходняй Нямеччыне? Якія матэрыяльныя бонусы мелі савецкія вайскоўцы ад службы ў камуністычнай Нямеччыне? Пра гэтыя аспекты сваёй службы згадвае шараговы 312 асобнага батальёна ўрадавай сувязі КДБ Сяргей Кабурнееў.

Дэмбельскі альбом з гатычным шрыфтам

На нашую сустрэчу Сяргей Кабурнееў прыхапіў з сабой дэмбельскі альбом, які адрозніваецца ад мільёнаў падобных узораў салдацкай творчасці хіба што гатычным шрыфтам у афармленні. Наш суразмоўца, калі разгарнуў альбом, нечакана здрыгануўся: «Не паверыце, за прамінулыя гады практычна не глядзеў гэты альбом. Там была натуральная турма…»

«Лістоў з дому ў мяне не захавалася аніводнага, бо тады, паводле спецыяльнага рэжыму сакрэтнасці, усю карэспандэнцыю трэба было знішчаць. Адразу па прачытанні ўсё намі спальвалася ў прысутнасці афіцэра альбо старшыны. Але сёе-тое захавалася. Вось, скажам, фотаздымак нашай казармы, які я пераслаў родным у запячатаным лісце. На дзіва, ліст тое дайшоў. За адным з гэтых вокнаў на першым паверсе месціўся мой ложак. Дарэчы, мы жылі ў гістарычным будынку, у якім у часы Адольфа Гітлера дзейнічала школа люфтвафэ, дзе рыхтавалі нямецкіх лётчыкаў», – пачаў свой аповед Сяргей Кабурнееў.

У элітную частку малады беларус трапіў праз тое, што меў, верагодна, узорную біяграфію і спартовыя дасягненні. Ён планаваў сваё жыццё звязаць з арміяй, двойчы падаваў дакументы на паступленне ў мараходку ва Уладзівасток, але не паступіў. Хацеў служыць на падводным чаўне. Аднак склалася інакш. Яго спярша накіравалі ў сакрэтную частку ўрадавай сувязі пад Маладзечна, а потым у Нямеччыну.

Першыя ўражанні ад сацыялістычнай Германіі ў вясковага юнака з Беларусі былі пазітыўнымі: парадак на дагледжаных палетках, добрыя дарогі, чырвоная дахоўка на дамах, шапікі з разнастайнымі прадуктамі. Словам, усё тое, чаго не можна было знайсці днём з паходняй у БССР. «У памежным польска-нямецкім горадзе Франкфурт-на-Одэры нас, 200 беларусаў, з Калінкавічаў, з Гомеля, з Рагачова і іншых раёнаў БССР павялі праз падземны пераход на вакзал. У пераходзе гэтым, смешна ўзгадаць, там столькі трасцы рознай прадавалі: жвачкі, запалкі, сокі. Усе гэдээраўскія тавары», – згадвае Сяргей Кабурнееў.

Наступным яркім успамінам, якім падзяліўся суразмоўца, сталіся вагоны для тых, хто паліць: «Салдаты ехалі, закінуўшы нага за нагу, смалілі з задавальненнем цыгаркі. А мясцовыя немцы на нас не звярталі ніякай увагі. Яны за столькі гадоў прызвычаіліся да прысутнасці чужых жаўнераў, што не глядзелі нават у наш бок». На цягніку салдаты даехалі да чыгуначнай станцыі каля гарадка Котбус.

З навабранцаў ва Усходняй Нямеччыне рабілі паслухмяную масу, якая была ў любы момант гатовая без лішніх словаў выконваць патрэбныя загады. «Прыгадваю ранішнія зарадкі. Гэта вельмі складана забыць нават пры жаданні. Брама з часткі адчыняецца, пабеглі. На вуліцы цемра, але загадваюць бегчы. Я не ведаю, куды і колькі кіламетраў трэба бегчы, але бяжыш разам з усімі. Пасля першай такой зарадкі мяне прынеслі на руках ледзь жывога», – згадвае былы салдат.

Штомесяц салдатам, якія праходзілі службу ў ГДР, выплочвалі грошы ў памеры 25 нямецкіх марак. «Мы падоўгу разглядалі дзіўныя партрэты на тых купюрах, прыглядаліся да твараў тамтэйшых генсекаў. Атаварыць грошы можна было на тэрыторыі вайсковай часткі. У асноўным куплялі салодкае і напоі. Памятаю, ужо пасля ўз’яднання Нямеччыны ў крамцы раптам з’явілася «Фанта». Мы з прыяцелем на ўсе грошы купілі скрыню «Фанты» і ўпакоўку печыва нейкага. З задавальненнем гэта ўсё з’елі і выпілі. А потым, праўда, калі ўбачылі за 10 марак касетны плэер, то доўга гаравалі, што так па-дурному грошы спусцілі».

«Так я дазнаўся, што рухнуў Берлінскі мур»

На памяці ў Сяргея Кабурнеева не было выпадкаў уцёкаў салдат з ягонай часткі: «А куды бегчы? Да нямецка-польскай мяжы, пакуль дабяжыш, цябе сто разоў зловяць. А там жа «Штазі», стукачы адзін на адным сядзяць і адзін адным паганяюць».

У лістападзе 1989 года жаўнеры дазналіся, што нешта ў ГДР адбываецца, калі іх пачалі выклікаць да афіцэраў падпісваць дзіўныя паперы прыблізна такога зместу: «Я, імя, прозвішча, вайсковае званне, падпісваю дакумент аб тым, што ні пры якіх абставінах не буду пераходзіць на бок ФРГ». «Так мы дазналіся, што рухнуў Берлінскі мур», – гаворыць Сяргей Кабурнееў.

Далей стала цікавей. Кожную раніцу камандзір часткі на плацы зачытваў «звесткі з баёў». Маўляў, будзьце пільнымі, у суседняй частцы вартавога паранілі ў шыю з агнястрэльнай зброі. Ён выжыў, бо па ўскоснай было раненне. Але з таго часу яны пачалі падчас службы ў каравуле надзяваць бронекамізэлькі, каскі. «Першыя пятнаццаць хвілінаў у поўнай амуніцыі і ў бронекамізэльцы было лёгка хадзіць, а потым паступова пачынала прыбіваць да зямлі. Затое як лёгка было пасля бегаць без бронікаў, нібы адштурхнешся ад зямлі і паляціш у неба!»

«У вечар пасля падзення Берлінскага муру мясцовыя пачалі святкаваць так, што мы ажно спалохаліся. Бутэлькі пустыя ляцелі, петарды ўзрываліся, феерверкі запускаліся. Гук ад той піратэхнікі быў як стрэлы з пісталета. Ну, не адрозніць зусім! Хто ведае, можа, насамрэч страляюць… А мы вымушаныя былі стаяць у каравуле. За вугал схаваешся на некалькі секунд, а больш нельга стаяць, бо змушаныя ісці да наступнага пункта, дзе трэба націснуць на кнопку. 6 хвілінаў прайшло, як не націснуў «трывогу»,да месца здарэння ляціць 15 узброеных да зубоў чалавек. Там настолькі адладжаны механізм, што я дагэтуль у шоку… Вось па вяртанні з войска я глядзеў, як у Расеі пачалася Чачэнская вайна. Дыктары часта паведамлялі, што, маўляў, «раззброілі каравул». Я не разумею, як гэта можа быць?! Нас бы дакладна не раззброілі – настолькі мы былі нацяганыя! Калі, крый Божа, трывога якая, кожны ведаў, што трэба рабіць на сваім месцы. Я аднойчы так перастараўся пры вучэбнай трывозе, што ажно шыбу прыкладам у акне высадзіў. Потым атрымаў нарад і ўласнаручна замяніў шкло», – прыгадвае Сяргей Кабурнееў.

На пытанне, ці адчувалі сябе акупантамі савецкія салдаты ў ГДР, былы вайсковец упэўнена гаворыць, што на першых этапах яны былі напампаваныя савецкай прапагандай: «Быў у нас адзін маёр з Малдовы з сапраўдным малдаўскім прозвішчам Жукаў, які нагадваў нам пастаянна: «Хлопцы, Вы тут на пярэднім рубяжы! Вы – лепшыя з лепшых! Радзіма Вам даверыла ахоўваць яе межы. Паслухайце, у 40 метрах ад вас натаўскія танкі рухавікі праграваюць!». Зрэшты, натаўцы тыя неўзабаве з’явіліся, нібыта прышэльцы з галівудскіх фільмаў. «Над нашай часткай пасля ўз’яднання Нямеччыны некалькі разоў у паветры завісаў верталёт у абедзенны час. Прылятае і вісіць над намі. На борце машыны – бундэсвераўскі «крыж». Для чаго гэта рабілася, не ведаю».

Напярэдадні ад’езду з Германіі, улетку 1990-га году, паводле ўспамінаў Сяргея Кабурнеева, салдат вывезлі на канцэрт у горад, дзе выступаў Чырванасцяжны ансамбль Ціхаакіянскага флоту. Маракі давалі канцэрт у гарадскім ДК Культуры ў горадзе Котбус: «Перад канцэртам наш прапаршчык Кузьмін, яму тады было гадоў 45, паклікаў мяне да сябе. Паказвае на навюткую Хонду на паркоўцы з бліскучымі дыскамі. «Глядзі, – гаворыць, – вось ён, загніваючы капіталізм. А побач, – паказвае на савецкі Масквіч-21-40 з квадратнымі фарамі, – квітнеючы сацыялізм». Тады мне ўсё стала ясна».

У тыя часы афіцэраў, якія служылі ў ГДР, ахапіла сапраўдная спажывецкая «ліхаманка». Усе, хто мог, цягнулі на радзіму касетныя магнітафоны, відэапрайгравальнікі, пральныя машынкі і мэблю. Але самым лепшым укладаннем сродкаў было набыццё «жалезнага каня». Пасля адкрыцця межаў з Заходняй Нямеччынай немцы масава пазбаўляліся савецкага аўтамабільнага ламачча, перасаджваліся на Форды, Фольксвагены і Опелі. У 1990-м мару любога савецкага чалавека – аўтамабіль Волга – у ГДР можна было купіць літаральна за капейкі. «У нашым менталітэце быць уласнікам «Волгі» – гэта статус. Таму і грэблі ўсё гэтае металічнае смецце, нібыта павар’яцелі. Адзін лейтэнант пайшоў супраць трэнду, набыў спартовы з дзвюма дзверкамі Форд. Дык з яго саслужыўцы кпілі, што ён купіў нейкае ражно», – смяецца Сяргей Кабурнееў.

Дружба-Фройндшафт

«Аднойчы нас апранулі ў форму рэгуліроўшчыкаў руху. Мы выглядалі вельмі экзатычна, як навагоднія елкі: на чорнай форме белыя паясы, белыя каскі. Карацей, бачныя былі здалёк. І вось нас у невялічкі гарадок, як Добруш, завезлі на цэнтральную плошчу і пакінулі ўдваіх. Мы перакрывалі вуліцу, каб калона з 50-60 машын пераехала без перашкод. Стаім з хлопцам удвох, спякотна, зброю папраўляем. Выходзіць з бліжэйшага бару немец. Убачыў нас – крычыць: «Гутэн таг, камрады!» Лезе ў кішэню, дастае адтуль купюру наміналам у 50 марак, дае нам. Мы горда адмаўляемся. Тады ён пайшоў у суседнюю краму, вярнуўся з бутэлькай піва. Вось тут мы і здаліся, засунулі ў рукаў бутэльку, якую потым з задавальненнем выпілі з прыяцелем».

Сяргей Кабурнееў прыводзіць некалькі прыкладаў, пасля якіх разумееш, чаму большасць немцаў лічылі савецкіх вайскоўцаў акупантамі. Напрыклад, у 1988 годзе ўся Нямеччына была абураная выпадкам, калі танкіст, пераблытаўшы маршрут, выехаў на чыгунку, дзе кінуў некіраваную машыну на рэйках. На хуткасці ў танк урэзаўся пасажырскі цягнік, у выніку чаго было мноства пацярпелых і ахвяраў сярод цывільных грамадзянаў. У рэзультаце гэтага няшчаснага выпадку, пра які не пісалі ў савецкіх газетах, быў зняты з пасады камандуючы савецкай групоўкай войскаў у Нямеччыне.

Але было таксама мноства абуральных выпадкаў з удзелам жаўнераў доблеснай Чырвонай арміі, пра якія наўрад ці хтосьці дазнаецца калі-небудзь. Гаворыць Сяргей Кабурнееў: «Аднойчы група саслужыўцаў выйшла з афіцэрам у горад на прагулку. Там ім далі дзве гадзіны вольнага часу пры ўмове, што яны не будуць ні з кім камунікаваць з мясцовых. Тыя пайшлі, напіліся, уварваліся ў нейкую краму, дзе зладзілі дэбош, збілі гандлярку. І што вы думаеце, надта пакаралі іх? У СССР іх бы ў турму за такое пасадзілі на 4-5 гадоў за рабаўніцтва. А там іх даставілі ў частку, пасадзілі толькі на 4 сутак на гаўпвахту…І ўсё».

Пасля паўтара году ўзорнай службы наш суразмоўца атрымаў адпачынак на радзіме: «Я рваўся ў Беларусь, бо стаміўся ўжо ад той турмы з высокім плотам. Але замест ідэальнай краіны, якая мне мроілася ўвесь час падчас зарадак, каравулаў, нарадаў і хвілінак палітінфармацыі, я ўбачыў суцэльны жах і шэрасць. Гэта было ў 1990-м годзе. Я памятаю, як выйшаў з цягніка на берасцейскі перон у форме нібы з іголачкі, боты ў мяне блішчэлі, а вакол – бруд, нейкія бяззубыя старухі, галеча. Вось тады я зразумеў, у якой рэальнасці насамрэч мы жывем».

Сяргей Кабурнееў з моманту заканчэння службы ні разу не быў у Нямеччыне. Аднак на тэрыторыю сваёй былой часткі ў горадзе Котбус у яго, праўда, была магчымасць зірнуць праз спадарожнікавыя мапы Google Earth. На сваім смартфоне ён некалькі разоў пракладаў сцяжыны праз знаёмыя мясціны, дзе ён правёў два гады сваёй маладосці. Што праўда, ад былых савецкіх казармаў у Котбусе не засталося і следу. Новыя ўлады зруйнавалі будынкі, на месцы якіх была пабудаваная новая гарадская турма.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя