Будслаўскі фэст пераносіцца
25 траўня з-за пандэміі каронавірусу Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ўпершыню адбылося ў анлайн-фармаце ў рэжыме відэаканферэнцыі, паведамляе catholic.by.
У пасяджэнні ўдзельнічалі ўсе біскупы ККББ і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Ян Сяргей Гаек MIC.
Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі вырашыла адкласці Будслаўскі фэст, які звычайна ладзілі на пачатку ліпеня ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай.
Літургічная ўрачыстасць у каталіцкіх парафіях на Беларусі адбудзецца без зменаў 2 ліпеня, у Будславе ў гэты дзень адбудзецца парафіяльная ўрачыстасць. Агульнабеларускае святкаванне фэсту разам з усімі звязанымі мерапрыемствамі (пілігрымкамі і г.д.) з запланаванай даты 3–4 ліпеня 2020 г. пераносіцца на пазнейшы час.