Будучыня за моладдзю? На Смаргоншчыне прайшоў форум “Эпідэмія лідарства”
За кім будучыня? Пытанне няпростае. На яго паспрабавалі адказаць удзельнікі моладзевага форуму, які прайшоў у аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна.
Менавіта тут, у музеі-сядзібе М. К. Агінскага прайшло цікавае мерапрыемства, якое сабрала гасцей з Беларусі і з-за мяжы (Польшча і Латвія). Арганізатарам выступіў Смаргонскі мясцовы дабрачынны фонд “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” (дырэктар – Ала Шыцікава).
Пра праблемы жыцця ў вёсцы і працу з моладдзю распавядае Эдуард Вайцяховіч (бізнэс-інкубатар у Камарове):
– Урбанізацыя моцна ўплывае на наша жыццё. Моладзь з’язджае з вёскі… Ужо кожны чацверты беларус жыве ў горадзе, і гэты горад адзін – Менск! Тым часам Беларусь – вялікая краіна. Мы павінны імкнуцца жыць прыгожа, напоўнена… Моладзь трэба зацікавіць. Усе нашы праекты скіраваныя на самазанятасць моладзі, як і апошні – “Развіццё прадпрымальніцтва шляхам стварэння бізнэс-інкубатара”.
Размовы пра пажылых людзей і маладых, жыццё ў правінцыі, бізнэс, устойлівае развіццё і мясцовае самакіраванне – гэта цудоўна, але ў фінале сустрэчы не абышлося без музыкі. Месца правядзення імпрэзы падштурхнула? Вера Міхайлава выканала раманс на музыку М. К. Агінскага “Мілая хаціна”.
Дар’я Ліс для Беларускага Радыё Рацыя, Смаргонскі раён