Будынак апошняй беларускай школы ў Амелянцы могуць аддаць пад інтэрнат



Такая гаворка вялася пад час аднаго з апошніх бацькоўскіх сходаў згаданай школы з удзелам раённага і абласнога начальства.

«А што будзе з будынкам школы?», – задаў чыноўнікам пытанне настаўнік геаграфіі Павел Кендысь, які разам з іншымі змагаўся супраць ліквідацыі установы:

– Мне адказалі, магчыма ў гэтым будынку будзе арганізаваны інтэрнат. А для каго будзе інтэрнат, хто тут будзе пражываць? Адказалі, што магчыма будуць пражываць працаўнікі ОАО „АграНіва” – нашай сельгасарганізацыі. Але ўжо гады два ходзяць чуткі ў нашай мясцовасці, што ў будынку школы хацелі зрабіць інтэрнат для людзей, якія асуджаныя на выпраўленчыя работы – гэта ў народзе называецца „хімія”.

«Але гэтая інфармацыя не пацьверджаная, гэта чуткі (пра «хімію»)», – падсумаваў Павел Кендысь. Амелянецкая СШ — апошняя сярэдняя школа з беларускай мовай адукацыі ў Камянецкім раёне. Цягам амаль двух год некаторыя з настаўнікаў і бацькоў змагаліся супраць яе ліквідацыі, але, нягледзячы на намаганні, пацярпелі паразу.

Беларускае Радыё Рацыя