“Бульбяны фэст” у Германавічах



“Бульбяны фэст”, ужо чацвёрты па ліку, прайшоў у Германавічах, што на Шаркоўшчыне. Пасмакаваць бульбяныя стравы і павесяліцца з’ехаліся госці з Глыбокага, Лепеля, Віцебска, Менска ды іншых гарадоў Беларусі. Уваходным квітком была страва з бульбы. З прэзентацыі бульбяных вырабаў і пачалася імпрэза.

Па словах галоўнага арганізатара імпрэзы Ады Райчонак, арганізоўваць фэст ёй дапамагаюць яе сябры з розных гарадоў Беларусі і за гэта яна ім вельмі ўдзячная.

– Падтрымалі мяне. Адзін бард прыехаў, прачытаўшы ў інтэрнэце, што я праводжу такое мерапрыемства. Прыехаў нават з усімі музычнымі інструментамі. І я вельмі ўдзячна. Падтрымліваюць мяне сябры. Прыкра толькі, што вёска не падтрымлівае – не ідуць мясцовыя. А так з іншых мясцін прыязджаюць, нават здалёк.

Падчас фэсту мясцовыя гаспадыні частавалі гасцей спечанымі на калодзе дранікамі ды іншымі беларускімі стравамі.

У музычнай частцы імпрэзы выступілі вядомы бард Андрэй Мельнікаў з Гомеля, Леанід Лаўрыновіч з Браслава, шаркоўшчынскі народны гурт “Душэўная ўтульнасць” ды іншыя. Лепельскі гурт “Рэхта” выканаў беларускія спевы і навучыў прысутных старажытным беларускім і сярэднявечным танцам.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі