Буслы апанавалі звалкі вакол Гародні
Замест чаек на звалках вакол Гародні павялічваецца колькасць белых буслоў. За гэтым феноменам ужо некалькі год сочаць арнітолагі.
Кажа кіраўнік сайта „Птушкі штодня” Зміцер Вінчэўскі:
– Мы вывучаем гэты феномен апошнія тры гады. Аказалася, што для нас гэта не навіна, а таксама не такая фантастычная з’ява, як мы думалі раней. Буслы, якія гняздуюць у Заходняй Еўропе, яны ўжо раней прыстасаваліся да такога ладу жыцця. Напрыклад, у Гішпаніі, у Партугаліі большасць буслоў гняздуюць як раз вакол такіх вялікіх гарадскіх звалак. У апошнія гады яны нават не адлятаюць у Афрыку на зімоўку.
Па словах Зміцера Вінчэўскага, колькасць буслоў можа налічваць да трох соцен:
– Бачна, што частка буслоў прылятае з польскага, а частка з нашага боку, гэта хутчэй за ўсё буслы гняздуючыя. Прыкладна ад 200 да 300 птушак пастаянна знаходзіцца на звалцы, ну і хутчэй за ўсё там начуюць. Калі галодныя, то проста далучаюцца да іншых птушак: да чаек, да крумкачоў, да шпакоў, якія там харчуюцца. Вядаць такі асацыяльны лад жыцця.
Арнітолаг упэўнены, што адказаць на пытанні пра паводзіны і лёс беларускіх буслоў дапамогуць назіранні, да якіх запрашаюць далучацца ўсіх зацікаўленых.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня