BY_Help запусціў збор сродкаў для беларускіх журналістаў



BY_Help сумесна з Media Solidarity Belarus Campaign пачалі збор сродкаў для рэпрэсаваных беларускіх журналістаў.

У адказ на запыты на адрас BY_Help пашырыць збор сродкаў на незалежных журналістаў было прынята рашэнне запусціць асобную кампанію для прадстаўнікоў СМІ. Арганізатары і папячыцелі кампаніі — замежная каманда BY_help: Андрэй Стрыжак, Аляксей Лявончык, Аляксандр Лапко, Надзея Нортан, Алесь Чарняковіч, паведамляе REFORM.by.

«Па ўсёй Беларусі ў СІЗА і турмы саджаюць журналістаў, якіх за іх працу абвінавачваюць у каардынацыі масавых беспарадкаў. Улады заблакавалі дзясяткі незалежных сайтаў і ставяць у віну публікацыю праўды аб катаваннях, збіцці і фальсіфікацыях. У офісы выдаўцоў СМІ прыходзяць фінансавыя праверкі, а на іх уладальнікаў заводзяць крымінальныя справы. Рэкламадаўцы баяцца палітычных наступстваў і адклікаюць кантракты. Камісія па “інфабяспецы” пазбавіла акрэдытацый бліскучых беларускіх супрацоўнікаў замежных СМІ. Дом друку і кіёскі адмаўляюць у публікацыі і распаўсюдзе незалежных газет. Распачатыя крымінальныя справы супраць журналістаў. З 9 жніўня па 3 лістапада журналістаў затрымлівалі 320 разоў. Улады думаюць, што могуць задушыць свабоду слова, прыстрашыўшы журналістам, забараніўшы стрымы або паставіўшы СМІ ў невыносныя фінансавыя ўмовы. Але ім гэта не атрымаецца», — кажуць ініцыятары кампаніі.

Сабраныя сродкі пойдуць на ахоўныя сродкі, стыпендыі і дапамогі, аплату часовай рэлакацыі, дапамогу СМІ і рэдакцыям, журналісцкім арганізацыям, якія шукаюць новыя легальныя крыніцы даходу.

Ахвяраваць сродкі можна праз Facebook альбо PayPal.