Алесь Бяляцкі на волі



Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі выйшаў на волю з папраўчай калоніі ў Бабруйску. Сёння ў 15.05 ён прыехаў электрычкай у Менск. Прычынай яго вызваленне стала амністыя.

Кажа праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч:

– Вызвалены паводле закона аб амністыі. То бок амніставаны паводле закона аб амністыі, хаця фармальна не было падставаў яго вызваляць, але я думаю, што адміністрацыя калоніі, напэўна, зняла спагнанні, якія на Алеся былі накладзены, і фармальна ён патрапіў пад амністыю, бо ў яго быў статус злоснага парушальніка рэжыму, таму, па ідэі, не мог быць амніставаным.

У Менску Алеся Бяляцкага сустракалі шматлікія людзі – сваякі, паплечнікі па праваабарончым цэнтры „Вясна”, апазіцыйныя палітыкі, грамадскія актывісты, журналісты. Алесь Бяляцкі адказаў на пытаньні журналістаў, падзякаваў сустракальнікам і скіраваўся дадому.

На чыгуначным пероне Алесь Бяляцкі сказаў:

– Сённня на працу пайшоў з ранку, у форме, з бэйджам, усё як трэба. Пайшоў на працу, а ў 9 гадзін выклікалі да начальніка калоніі, быў там пракурор, прымянілі амністыю. Сёння першы дзень амністыі. Выдалі мне даведку, дзе напісалі, што вызвалены згодна артыкула 6 закона Рэспублікі Беларусь “Аб амністыі” 17.06. на неадбытую частку тэрміна.

* * *

Алесь Бяляцкі вызвалены з папраўчай калоніі ў Бабруйску. Сёння ў 15.05 ён прыехаў у Менску на электрычцы, дзе яго сустракалі шматлікія людзі – сваякі, паплечнікі па праваабарончым цэнтры „Вясна”, апазіцыйныя палітыкі, грамадскія актывісты, журналісты. Алесь Бяляцкі сказаў, што сёння, як звычайна, ён выйшаў на працу, але яго выклікалі да начальніка калоніі і паведамілі, што да яго прыменена амністыя.

* * *

Вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі выйшаў на волю. Як паведаміла нашаму радыё жонка палітвязня Наталля Пінчук, Алесь Бяляцкі цяпер едзе на электрычцы ў Менск.

Наталля Пінчук: Ад Алеся няма ніякай новай інфармацыі. Будзем у 15 гадзін чакаць яго. Я не спадзявалася на гэта. Сёння я як раз паехала ў вёску, ягоны званок нападкаў мяне па дарозе. Я атрымала гэтую навіну ў дарозе і мусіла даехаць да станцыі, выйсці з аўтобуса, і там як раз была маршрутка хвілін праз 15, я перасела і адразу паехала на Менск. Я вось толькі прыехала дахаты.

* * *

Алесь Бяляцкі патэлефанаваў жонцы Наталлі Пінчук, што ён вызвалены і едзе ў Менск на электрычцы з Бабруйску.

Наталля Пінчук: Ён пазваніў і сказаў, што едзе ў Менск.

РР: А можна з ім неяк скантактавацца?

Наталля Пінчук: Я паспрабую пазнаваніць на той тэлефон, з якога ён званіў, бо ў яго няма свайго мабільніка.

РР: Гэта была абсалютна нечаканая інфармацыя?

Наталля Пінчук: Абсалютна нечаканая. Я нават не магу паверыць, што яго сапраўды вызвалілі. Канчаткова паверу толькі, калі яго ўбачу. Ён павінен прыехаць каля 15-й гадзіны.

Адам Бяляцкі: Для мяне ўвогуле нечаканая навіна. Акрамя таго я зараз не ў Беларусі, таму сёння я быў шараговым карыстальнікам інтэрнэту, які даведаўся з паведамленняў у сеціве, што бацька выходзіць на свабоду. Так што вельмі нечакана!

Таццяна Равяка (праваабарончы цэнтр „Вясна”): Слёзы проста льюцца. Але гэта слёзы шчасця. Алесь будзе ў Менску ў 15.05, едзе электрычкай. Я, на жаль, не ў Беларусі. І перажываю з-за гэтага. Але нашыя калегі будуць сустракаць Алеся.

Жонка іншага палітвязня, экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч напісала ў сваім Фэйсбуку: Плачу ад радасці! Алесь – на Волі!! У 15.05 электрычка на „Інстытуце культуры”.

За кратамі кіраўнік праваабарончага цэнтра „Вясна” правёў амаль тры гады. 24 лістапада 2011 суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прысудзіў да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, які паступалі на іх, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці.

Нагадаем, 4 жніўня 2011 года быў затрыманы старшыня праваабарончай арганізацыі „Вясна”, віцэ-старшыня Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. Беларускія ўлады абвінавацілі яго ў нявыплаце падаткаў з грошай прызначаных на праваабарончую дзейнасць. Алесь Бяляцкі адбываў пакаранне ў выглядзе 4,5 гадоў зняволення ў Бабруйскай калоніі строгага рэжыму.

Беларускае Радыё Рацыя