Бярэзінскі запаведнік атрымае 110 тысяч еўра ад ЕС



Бярэзінскі біясферны запаведнік стаў адным з пераможцаў конкурсу „зялёных” ініцыятыў у рамках праекта „Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да „зялёнай” эканоміцы”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у РБ. За кошт выйгранага гранта памерам да 110 000 еўра ён будзе развіваць на сваёй тэрыторыі экалагічны турызм.

„Экатурызм ў Бярэзінскім: інавацыйныя падыходы, партнёрскія мадэлі, „зялёная” свядомасць” – так называецца праект запаведніка, створаны сумесна з Беларускім грамадскім аб’яднаннем „Адпачынак у вёсцы”. На тэрыторыі Бярэзінскага плануецца стварыць „Цэнтр міфалагічнага турызму”, дзе будуць функцыянаваць „Музей міфічных істот”, экалагічная сцежка „У краі міфаў”, экспазіцыя пад адкрытым небам „Міфалагічны хутарок” і многае іншае. Аналагічнага турыстычнага аб’екта ў Беларусі пакуль няма, паведамляецца на сайце запаведніка.

На конкурс было пададзена 150 заявак. З іх былі адабраны 16. Праект Бярэзінскага запаведніка заняў 6-е месца. Яго рэалізацыя пачнецца ў студзені 2016 года, а завяршыць усе работы плануецца ў снежні 2017-га.