Бярозаўчане: Ад нас нічога не залежыць, але галасаваць будзем



Выбарчая кампанія ў Беларусі працягваецца млява. Тым не менш, жыхары Бярозы на Берасцейшчыне гатовы ўдзельнічаць у выбарах і галасаваць за незалежнага кандыдата. Людзі хочуць перамен. На жаль,  сярод незалежных, то бок апазіцыйных кандыдатаў, няма моцнай, цікавай асобы, кажуць апытаныя бярозаўчане:

– Ад нашага выбару нічога не залежыць, але ўдзел будзем прымаць.

– Ці пайду на выбары яшчэ не вырашыла.

– Каго Бог дасць, той і будзе.

– Мы – за незалежнага кандыдата, бо хочам перамен.

– Сярод апазіцыйных кандыдатаў няма дастойных.

Сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Аліхвер і праваабаронца Сяржук Русецкі лічаць, што сама ідэя выбараў у Беларусі скампраментавана:

Сяргей Аліхвер:

– Сістэма прымусу мае татальны характар. І пры такіх умовах выбары не маюць сэнсу.

Сяржук Русецкі:

– Ні выбары, ні іх вынікі ніяк не ўплываюць на канкрэтнае жыццё  кожнага асобнага чалавека.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь адбудуцца 11 верасня. Як заўсёды, улада рыхтуецца да абману, а апазіцыя скарыстоўвае час для працы з насельніцтвам. У выніку ўсё скончыцца таптаннем на месцы і нявырашаным сакральным пытаннем: што рабіць?

Беларускае Радыё Рацыя

Фота БЕЛТА