Бярозаўчане падтрымалі петыцыю за адмену падатку на дармаедаў



Петыцыю арганізавала Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Сабрана больш за чатыры сотні подпісаў.

Па словах зборшчыцы Таццяны Тарасевіч, праблем са зборам не было. Абсалютная большасць людзей – супраць падатку на дармаедаў:

– Як маладыя, так і пажылыя з задавальненнем падпісваліся супраць гэтага закона.

– Шчыра кажучы гэту заканадаўчую норму пра дармаедаў я ўвогуле не разумею таму, што ў людзей сёння няма магчымасці зарабіць. Яны хочуць працаваць, але ім няма дзе працаваць.

– Абураная гэтым законам – гэты закон нейкай афёра.

– Дзе ўзяць грошы? Рабаваць ці забіваць? Раяць, што ў бацькоў трэба грошы браць.

Каардынатар збору подпісаў на Берасцейшчыне Валянцін Лазарэнкаў раіць замяніць падатак на дармаедаў на падатак на раскошу. Так будзе справядліва і дасць большы і стабільны прыбытак у бюджэт:

– Звальняюцца людзі, стаяць заводы, а іх падаткам абкладаюць. Якраз тыя, хто мае тыя грошы. Хай абкладаюць нашага земляка спадара Пракаповіча, які збудаваў ужо тры дамы за 1,5-2,5 мільёна. Усе міністры таксама, якія жывуць у Драздах.

Паводле Лазарэнкава, на дадзены момант па краіне сабрана каля 5-ці тысяч подпісаў за адмену падатку на дармаедаў. Засталося сабраць яшчэ столькі, і петыцыя будзе пададзена ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Беларускае Радыё Рацыя