Бяразаўчане выказалі салідарнасць з палітвязнямі



Бярозаўскія праваабаронцы павіншавалі тэлеграмай палітвязня Аляксандра Кабанава з днём народзінаў. Такім чынам яны вырашылі падтрымаць дух свайго земляка, які ўсё робіць дзеля таго, каб Беларусь стала дэмакратычнай краінай.

Некалькі дзён таму лісты з Бярозы атрымалі і іншыя палітвязні, –  кажа сябра праваабарончага цэнтра «Вясна» Сяржук Русецкі:

– Бярозаўскія праваабаронцы накіравалі палітвязням паштоўкі і лісты са словамі падтрымкі. Тым самым выказалі салідарнасць з тымі людзьмі, якія знаходзяцца зараз за кратамі.

Падтрымліваць людзей, якія трапляюць за краты па палітычных матывах,  стала ў бярозаўскіх праваабаронцаў сумнай традыцыяй. Словы з волі, як прамень сонца, для вязняў, якіх вырвалі з грамадства і пасадзілі без віны за краты па волі аднаго чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя