Бярозаўскага актывіста выклікаюць у міліцыю (абноўлена)
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Бярозы Аляксандр Кабанаў атрымаў чарговую позву з Бярозаўскага РАУС. Паводле позвы, Кабанаў павінен з’явіцца 8 красавіка ў міліцыю як сведка. Па якой справе – не напісана, і міліцыянт, які прынёс позву, адмовіўся пра гэта паведаміць. Гаворыць Кабанаў:
– У нас у Берасці запланавана сустрэча з актывістамі, якія ўвайшлі ў наш камітэт па змаганні з Дэкрэтам №3. І атрымліваецца, што таксама на заўтра і практычна на той жа час позва. Улады заняліся намі замест таго, каб пераходзіць ад слоў да спраў, якія тычацца эканамічных рэформаў ці забеспячэння людзей працай.
Паводле Аляксандра Кабанава, паляванне сілавых структур на актывістаў працягваецца. Такім чынам яны спадзяюцца спыніць масавыя пратэсты.
Нагадаем, Аляксандр Кабанаў двойчы адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыях супраць дэкрэта №3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.
9 сакавіка судом Бярозаўскага раёна актывіст за парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення масавага мерапрыемства быў засуджаны на пяць сутак арышту за ўдзел у акцыі 26 лютага ў Берасці.
21 сакавіка Кабанава асудзілі на 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі 5 сакавіка ў Брерасці.
Беларускае Радыё Рацыя