Бярозаўская раённая выбарчая камісія сфармавана на ранейшых прынцыпах



У Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі – ўсё паводле ранейшай схемы. У склад камісіі абралі 13 чалавек, з іх сем – кіраўнікі розных дзяржаўных устаноў і арганізацый.

Агулам трапіць у склад камісіі пажадалі 17 чалавек. Паводле прадстаўніка раённай вертыкалі Віталя Мшара, усе абраныя ў выбаркам – маюць адпаведны досвед працы, і “падчас удзелу ў выбарчых кампаніях праявілі сябе як дасведчаныя, старанныя выканаўцы”:

– Пры фармаванні складу выбарчай камісіі мы кіраваліся, канешне, Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь. А таксама ўлічвалі дзелавыя і асабістыя якасці асобаў, якія былі вылучаны ў склад камісій, вопыт працы ў мінулых выбарчых кампаніях, добрасумленнасць ў выкананні абавязкаў і іншых якасці.

Прысутны на пасяджэнні сябра праваабарончага цэнта “Вясна” Сяржук Русецкі лічыць, што стварэнне камісіі са старых кадраў сведчыць пра тое, што зменаў падчас выбараў не адбудзецца:

– У Цэнтральнай выбарчай камісіі і ў Палаты прадстаўнікоў не хапіла часу, каб унесці змены ў выбарчы кодэкс і таму самі камісіі і самі выбары, зразумела, будуць такімі, як і былі раней. У выбарчых камісіях усе людзі правераныя, якія будуць працаваць так, як трэба, і не падвядуць кіраўніцтва, якое іх прызначыла.

Такім чынам, у склад Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі ўвайшлі работнікі вертыкалі і прадстаўнікі праўладных грамадскіх арганізацый.

Цалкам матэрыял у гукавым фармаце:

Беларускае Радыё Рацыя