Бярозаўская журналістка абскарджвае адміністрацыйны прысуд



Журналістка-фрылансер з Бярозы Тамара Шчапёткіна абскарджвае прысуджаны ёй 17-га снежня мінулага года штраф у 30 базавых велічынь. Бярозаўскі раённы суд палічыў яе вінаватай у працы на замежны сродак масавай інфармацыі без акрэдытацыі, і фактычна асудзіў за “незаконны выраб прадукцыі СМІ”. Размова ішла пра інтэрв’ю з загадчыкам цэнтральнай аптэкі, якое з’явілася на сайце нашага Беларускага Радыё Рацыя.

Расказвае журналістка:

– Суд не ўлічыў, што я не звязаная працоўнай дамовай з Беларускім Радыё Рацыя. Таму я лічу, што парушаныя мае правы на збор і распаўсюд інфармацыі, гарантаваныя як Канстытуцыяй, так і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Пра тое, як аднясецца да гэтага суд вышэйшай інстанцыі, пабачым заўтра.

Разгляд касацыйнай скаргі Тамары Шчапёткінай адбудзецца 22-га студзеня ў Берасцейскім абласным судзе. Пачатак пасяджэння – аб 11-ай гадзіне.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя