Бярозаўскі суд не задаволіў скаргу грамадскіх актывістаў



Скарга бярозаўскіх праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў у судзе Бярозаўскага раёна не задаволена. Яны прасілі прызнаць незаконнай адмову Бярозаўскім райвыканкамам у пікеце 25 сакавіка. Мэта пікету – адзначэнне 97 угодкаў БНР і патрабаванне вызвалення палітвязняў. Суддзя Наталля Мінчанка падтрымала рашэнне Бярозаўскага райвыканкама. Яна пагадзілася з высновамі вядучага юрыста райвыканкама Яўгена Кашталяна і работніка пракуратуры Аксаны Гардзіенкі, што патрабаванне вызвалення палітвязняў – гэта прызыў да экстрэмізму, вайне, насіллю, сацыяльнай і нацыянальнай розні. Такія довады адна з заяўніц пікету Таццяна Тарасевіч палічыла звычайным словаблуддзем:

– Нам прыпісваюць намеры, якія мы не мелі, якія ніяк не знаходзяцца ў нашай заяве на правядзення пікета. Чынавенскі “беспредел” – толькі так можна сказаць. Толькі словаблуддзе, уход ад пытанняў, пераход на іншыя тэмы.

Паводле заяўнікаў пікету, такое рашэнне яны абавязкова абскардзяць. Не ў надзеі знайсці ў беларускіх судах справядлівасць, а як праходжанне патрэбнай працэдуры для звароту ў ААН.

Беларускае Радыё Рацыя