Бярозаўскім грамадскім актывістам дазволілі пікет



Бярозаўскія чыноўнікі далі дазвол праваабаронцам і грамадскім актывістам на пікет 7 кастрычніка. Але пры ўмове, што тыя прымуць кампрамісны варыянт пераносу пікету з Цэнтральнага стадыёну на стадыён Паўночны на ўскрайку горада.

У заяўнікаў пікету выбару не было пры тым, што дазвол афіцыйна быў атрыманы 1 кастрычніка, кажа праваабаронца і адзін з заяўнікаў пікету Сяржук Русецкі:

– Пасля столькіх гадоў змагання за магчымасць правядзення пікетаў у Бярозе, нам дазволілі трэці пікет. Тым не менш, згодна з рашэннем выканкама аб правядзенні масавых мерапрыемстваў у Бярозаўскім раёне, для таго, каб гэты дазвол застаўся, нам трэба заключыць дамовы з міліцыяй, раённай бальніцай і ЖКГ на абслугоўванне пікета да 6-га кастрычніка. Іначай дазвол будзе скасаваны.

7 кастрычніка – Сусветні Дзень супольных дзеянняў за дастойную працу. Гэтым пікетам праваабаронцы і актывісты  напомняць працоўным, што для задавальнення сваіх інтарэсаў трэба яднацца, каб разам бараніць свае правы на добрааплочваемую працу і прыстойны лад жыцця.

Беларускае Радыё Рацыя