Бярозаўскія актывісты прапанавалі ідэолагам правесці сумесную акцыю



Бярозаўскія праваабаронцы і грамадскія актывісты прапанавалі ў пісьмовай форме ідэалагічнаму аддзелу Бярозаўскага выканаўчага камітэта правесці 26 красавіка сумесную акцыю «Свечку памяці» на галоўнай плошчы горада. Акцыя прымеркавана да  30 гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, кажа адзін з заяўнікаў праваабаронца Сяржук Русецкі:

— Некалі нас прыцягвалі да адміністрацыйных адказнасці, а ўжо пасля нашых пакаранняў БРСМ-аўцы на той жа плошчы спакойна праводзілі розныя акцыі. Таму мы звярнуліся да ідэалагічнага аддзелу, у тым сэнсе, што Чарнобыль не раздзяляў людзей па палітычных поглядах, таму мы прапаноўваем разам адзначыць гэтую сумную гадавіну. 

Праваабаронцы таксама звярнуліся па дазвол на правядзенне «Свечкі памяці» 26 красавіка ў Бярозаўскі раённы выканаўчы камітэт. Яны вырашылі ўзнавіць традыцыю ўспаміну  гэтай трагедыі. Некалькі гадоў таму «Свечка памяці»  была спынена адміністрацыйнымі пакараннямі праз суд.

Беларускае Радыё Рацыя